Зміцер Вайцюшкевіч на гарадзенскай «Мове нанова»



Навучэнцы гарадзенскіх курсаў «Мова нанова» пачулі ад Зміцера Вайцюшкевіча парады, як можна навучыцца быць спеваком і прадзюсарам, якая розніца ў шоу-бізнесе між нашай краінай і яе “суседкамі”. Таксама Вайцюшкевіч распавёў, што можа стаць чыннікам распаду розных музычных стыляў і кірункаў.

Чым ёсць шоу-бізнес для музыкі і як можна сябе пракарміць з шоу-бізнесу? Распавядае нашаму радыё Зміцер Вайцюшкевіч:

– Я сцвярджаю, што можна жыць. І нягледзячы на цяжкасці, у параўнанні з іншымі прафесіямі, можна адчуваць сябе больш-менш спакойна. Хоць перспектывы вельмі туманныя. Бо гэта залежыць ад забароны і многіх іншых чыннікаў, якія раней не былі такімі важнымі. А таксама шмат розных крызісных з’яў, якія ўвесь час адбываюцца ў Беларусі.

Зміцер Вайцюшкевіч напрыканцы сустрэчы выканаў некалькі песень, а песню “Дзе мой край” гарадзенцы спявалі разам з выканаўцам. Тэма наступных заняткаў гарадзенскай “Мовы нанова” пакуль трымаецца ў сакрэце.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня