Знакамітасці Гародні ператварыліся ў «котак» і «сабак»



Гарадзенскі фатограф Наталля Бакей новым фотапраектам заклікла жыхароў горада забраць жывёл з пункта часовага ўтрымання.

У акцыі прынялі ўдзел вядомыя людзі з самых розных галінаў дзейнасці. Сярод іх: харэограф Вольга Лета, вакаліст гурту «Dzieciuki» ды журналіст Аляксандр Дзянісаў, дызайнер Леначка Паспелава, чэмпіён Балтыйскай лігі па кікбоксінгу Рынат Булатаў. Таксама ў акцыі ўзялі ўдзел хакеісты гарадзенскага «Нёмана» – браты Сяргей і Аляксандр Маляўка і Сяргей Дарафееў.

Пра праект распавядае Алесь Дзянісаў:

– Раней не ўдзельнічаў у падобных акцыях, стараўся ананімна дапамагаць, а не займацца вось такім піярам. У дадзеным выпадку мая сяброўка, фатограф Наталля Бакей, якая ўжо даўно займаецца праблемамі бадзяжных жывёл, дапамагае валанцёрам, звярнулася да мяне, ці не хацеў бы я падтрымаць.

Алесь Дзянісаў кажа, што ў яго сям’і і сям’і яго маці ёсць коткі, якія былі бадзяжнымі жывёламі і маглі апынуцца ў пункце часовага ўтрымання. Алесь, як і кожны з удзельнікаў фотапраекта, заклікае ўсіх неабыякавых людзей прыехаць у пункт часовага ўтрымання жывёл і выбраць там сабе гадаванца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня