„Зодчий” шукаў у Берасці дырэктара з «маўленнем без беларускага акцэнта»



Партал By24.org заўважыў на сайце Cataloxy аб’яву ад будаўнічай кампаніі «Дойлід» («Зодчій»).

Яна была апублікаваная 10 лістапада 2015 і была актуальная да 9 сакавіка 2016 года.

Кампанія шукала ў Берасці рэгіянальнага дырэктара па продажах пад ключ драўляных дамоў, вырабленых у Расеі. Звяртае на сябе ўвагу адно з патрабаванняў працадаўцы: «актыўнасць, пісьменнае і выразнае маўленне без беларускага акцэнту».

1

 

Гэтая ўмова наўпрост супярэчыць беларускаму заканадаўству, якое забараняе дыскрымінацыю.

У артыкуле 14 Працоўнага кодэкса Беларусі гаворыца: «Дыскрымінацыя, гэта значыць абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага паходжання, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, забараняецца».

«Наша Ніва» звязалася з прадстаўнікамі кампаніі «Зодчій», каментар будзе атрыманы ў панядзелак.