Зрабіць сваё жыццё лепшым з дапамогай петыцый



Петыцыі грамадзян могуць прыпыніць свавольствы чыноўнікаў. У гэтым упэўненыя стваральнікі вэб-платформы “Зручны горад”. На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі яны патлумачылі, як шляхам стварэння петыцый можна прымусіць чыноўнікаў вырашаць патрабаванні грамадзянаў.

Адна з галоўных мэтаў праекта – гэта пабуджэнне ініцыятывы грамадзянаў да вырашэння мясцовых праблем, – кажа кіраўнік праекта “Зручны горад” Уладзімір Кавалкін.

– Нам падалося, што ў Беларусі моцна не хапае такога інтэрнэт-рэсурса, які мог бы аб’яднаць вакол сябе актыўных, неабыякавых людзей, якія хочуць абараняць свае ўласныя інтарэсы і рабіць ўласнае жыццё лепшым. Гэта датычыць і ўласнага двара, і пад’езда, і ўсёй краіны. Вось адсюль і паўстала гэтая ідэя.

Цяпер на вэб-платформе “Зручны Горад” ужо прадстаўлена больш за 400 петыцый і каля 25 тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў. Як сведчыць кіраўнік праекта Уладзімір Кавалкін, больш за 60 адсоткаў петыцый вырашаюцца станоўча.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота baj.by