Музыка старажытнай Беларусі



Яшчэ гадоў трыццаць таму беларуская музычная спадчына часоў Вялікага Княства Літоўскага была terra incognita. У музыказнаўчай навуцы лічылася, што да 1917 года прафесійнай музычнай культуры ў беларусаў не было, і толькі дзякуючы Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і дапамозе больш культурнага “старэйшага рускага брата” Беларусь нарэшце далучылася да цывілізацыйных здабыткаў.

Якую музыку слухалі нашыя продкі 100, 200, 300 гадоў таму? Чым акарына адрозніваецца ад пішчыка, а дудка – ад дуды? Як гучаць гэтыя музычныя інструменты?

З папулярызатарам беларускіх народных інструментаў Ярашам Малішэўскім гутарыў Марцін Война.

РР: Калі сярэднестатыстычнага беларуса папрасіць назваць які-небудзь народны інструмент, то ў лепшым выпадку назаве цымбалы, нехта назаве нават балалайку…

Яраш Малішэўскі: Сапраўды, дзякуючы акупацыі, паслядоўнаму і мэтнаму знішчэнню нашай культуры сёння атрымліваецца так, што сярэднестатыстычны беларус мало што ведае пра музычную спадчыну. А гэта ж і дуда, і лера, і жалейкі, пішчыкі, варганы, скрыпкі. Безумоўна, гэта і цымбалы, пра якія мы казалі. Шмат інструментаў струнных, язычковых, ударных. Усё гэта ў нас ёсць. Але так сталася, што сёння мы зноў для многіх беларусаў адкрываем гэтыя дзверы.

РР: Раскажыце больш пра дуду. Які гэта інструмент, калі выкарыстоўваўся? Дзе вы бераце рэпертуар?

Яраш Малішэўскі: Давялося калісьці пачуць скрыпку старога музыкі, які расказаў, што раней падобная мелодыя гралася і на дудзе.

Калі казаць пра крыніцы рэпертуару, то ёсць пэўныя запісы дудароў, зробленыя ў ХІХ-ХХ стагоддзях. На жаль, многія запісы зніклі, захавалася невялікая іх частка.

Дуда – інструмент, які гучаў у нас паўсюль: пры нараджэнні, на хаўтурах, на вяселлі, на танцах. Дудар спрадвеку лічыўся чалавекам незвычайным – не толькі музыкам, але і чалавекам, які валодаў магічнымі здольнасцямі. Напрыклад, калі трэба было выклікаць дождж, то дудар граў пэўныя мелодыі. І людзі верылі, што ён і яго музыка могуць змяніць свет.

РР: Але старажытных дудаў практычна не засталося. Ваша дуда новая. Хто ў нас займаецца вырабам дудаў?

Яраш Малішэўскі: Улічваючы той факт, што ў ХІХ-ХХ ст.ст. нас зводзілі да балалайкі, то дуда выходзіла з ужытку, яе нішчылі. Сёння захаваліся адзінкавыя гэтыя інструменты ў музеях.

Сёння майстры робяць новыя дуды паводле ўзораў старых. Напрыклад, мая новая мацянка. І так, майстры ёсць. Маю рабіў вядомы майстар, музыка, мастак Тодар Кашкурэвіч. Ёсць яшчэ майстар і музыка Алесь Лось. Таму ёсць людзі, якія адраджаюць гэта. Дуда вярнулася ў нашу культурную прастору і працягвае яе пашыраць.

РР: А акрамя дуды, музычны побыт беларусаў XVXVII ст.ст. гэта яшчэ што?

Яраш Малішэўскі: Гэта розныя інструменты. Напрыклад, пішчык, які рабілі са звычайнай саломы (музыка). Ёсць яшчэ дудка-спарыш – гэта падвойная дудка, якая паходзіць з Капыля (музыка). Ёсць акарына. Яе рабілі з гліны. Яна прыйшла да нас з Італіі, з італ. акарына – “галава гусяняці”. У прынцыпе, гэты інструмент і нагадвае сваёй формай галаву гусяняці.

Акарына прыйшла да беларусаў пару стагоддзяў таму. Але Беларусь – край і ганчарны. Таму беларускія музыкі, ганчары і слухачы так упадабалі акарыны, што яны сталі не менш вядомымі, чым на іх Радзіме. Цяпер нават немагчыма ўявіць, што некалі ў Беларусі не было іх (музыка).

РР: Вы шмат ездзіце па Беларусі, выступаеце. Як самі мяркуеце, цікаўнасць да нашай музычнай спадчыны, якая лічылася страчанай, увогуле ёсць?

Яраш Малішэўскі: Ёсць. Людзі цікавяцца, слухаюць музыку, прыходзяць на канцэрты. Ёсць гурты, якія граюць такую музыку. І гэтая музыка гучыць далёка за межамі Беларусі. І бачна, што людзям цікава, яны адкрываюць для сябе свет беларускай музыкі. Таму магу сказаць, што перспектывы ў нас ёсць. Тое, што было закладзена стагоддзямі, настолькі моцнае, што калі падключаешся да гэтага, яно дзейнічае, яно гучыць.

У 2010 годзе Яраш Малішэўскі ў суаўтарстве з жонкай, паэткай Аксанай Спрынчан выпусціў кнігу “Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў”. Гэта першае ў Беларусі выданне для дзетак, дзе ў казачнай форме распавядаецца пра нашу музычную спадчыну.

Гутарыў Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара