13 жанчын у жыцці Уладзіміра Караткевіча



У Гародні працягваюцца ўрачыстасці  з нагоды 85-годдзя славутага класіка беларускай зямлі Уладзіміра Караткевіча. У арт-галерэі „Крыга”  прайшла імпрэза, дзе гучалі песні на вершы Караткевіча і ўспаміны пра яго частае гасцяванне ў Гародні.

1111220025

А адмысловы госць вечарыны – Дзяніс Марціновіч, расказаў пра свае доследы, звязаныя з роляй жанчын у творчасці класіка, пра тое, як яны натхнялі Караткевіча і давалі новыя ідэі для творчасці, кажа Дзяніс Марціновіч:

– Калі дзяўчына “дае адстаўку” хлопцу, то гэта ж цудоўна, гэта ж такія вершы пасля нараджаюцца! У сваёй кнізе я пішу пра 13 жанчын у жыцці Уладзіміра Караткевіча. Прычым, гэта тыя прыклады, якія я змог дакументальна засведчыць. Абсалютна не сумняюся, што гэтых жанчын было куды больш, але не хачу пісаць пра тое, што даказаць пакуль не магу.

Аўтар кнігі „Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” Дзяніс Марціновіч выказаў думку, што варта, магчыма, і яму напісаць біяграфію славутага земляка. Бо пакуль асоба такой велічыні не мае грунтоўнай біяграфіі. Мерапрыемствы да 85-годдзя паэта ў Гародні будуць працягвацца. У нядзелю 29 лістапада пройдзе вечарына „Уладзімір Караткевіч і хрысціянства”. Сустрэча будзе а 18.30 па адрасе Акадэмічная, 2, а гурт „Нельга забыць” выканае творы на вершы Караткевіча ў „краме Ц” а 19-й  гэтага ж дня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара