Полацкі дуб Власта



Дуб у Беларусі з даўніх часоў лічыцца сакральным дрэвам – сімвалам непераможнасці і трываласці. У Беларусі досыць шмат імянных дубоў – дуб Міцкевіча, дуб Касьцюшкі… А ў 2003 годзе імянны дуб з’явіўся ў Полацку. Ён атрымаў назву “дуб Власта” у гонар Вацлава Ластоўскага.

DSC00912

У 2003 годзе Беларусь адзначала 120-годдзе славутага нацыянальнага палітычнага дзеяча, гісторыка і пісьменніка. З гэтай нагоды полацкай грамадскасцю і было вырашана аднаму з дубоў у цэнтры горада надаць імя Власта. Выбар выпаў на дрэва, якое расце насупраць вала Ніжняга замку, побач з музеем традыцыйнага ручнога ткацтва. Каля дуба у дзень нараджэння Ластоўскага адбылася адмысловая ўрачыстасць. Гучалі прамовы, чыталіся вершы, нават прагучала песня. З таго часу дуб Власта трапіў у полацкія турыстычныя даведнікі і фотальбомы. Цяпер прынамсі ёсць месца, дзе можна згадаць Вацлава Ластоўскага ў Полацку, аўтара легендарнай полацкай аповесці “Лабірынты”.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.