Наста Кудасава і Ілля Сін завіталі ў полацкі „Росквіт”



Полацкая культурніцкая пляцоўка, якая сёлета была створана ў рэстарацыі „Росквіт”, у суботні вечар вітала гасцей – паэтку Насту Кудасаву і празаіка Іллю Сіна. Кудасава прэзентавала сваю новую паэтычную кнігу „Маё невымаўля”.

dsc00135

Увогуле падобная камерная сустрэча тут адбывалася ўпершыню. Раней ладзіліся пераважна музычныя выступы. І таму, у нейкім сэнсе, арганізараты эксперыментавалі ў фармаце правядзення паэтычна-літаратурных імпрэз.

Наста Кудасава чытала вершы з новай кнігі і зусім новыя творы, адказвала на пытанні, дзялілася ўражаннямі ад першага наведвання Полацка. У прыватнасці, яна сказала, што любіць такія невялікія гарады, як Полацак, і што ў беларускіх рэгіёнах жыве і творыць шмат цікавых і таленавітых творцаў, якія, на жаль, малавядомыя шырокай публіцы.

Ілля Сін чытаў урыўкі са сваіх ранейшых кніг і з рамана „Лібіда”, над якім зараз працуе. Чытаў натхнёна, па-мастацку, дэманструючы свае акторскія здольнасці. Сін мае вялікі вопыт публічных выступаў у розных перформенскіх праектах.

dsc00132

Напрыканцы сустрэчы былі і кветкі, і аўтографы, і словы падзякі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара