У „Цудоўні” адкрылася кніжная крама



Шасьцігадзінны культурны марафон з удзелам літаратараў і музыкаў прайшоў у гарадзенскай этна-краме „Цудоўня”.  Задзейнічаны былі госьці з Менску, якія прыехалі са сваімі кніжкамі. Гэта Андрэй Хадановіч, Павал Касьцюкевіч, Уладзімір Мацкевіч. Прымеркаваны марафон быў адкрыццю кніжнай секцыі крамы.

p1240522

Цяпер да вырабаў рамесьнікаў на любы густ беларуса дадаўся кніжны шэраг. Уражаннямі ад новай кніжнай секцыі падзяліўся паэт, кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Ён прывёз свае новыя кніжкі „Цягнік Чыкага-Токіё” і перакладны томік Шарля Бадлера.

– Адчыняецца незалежная кнігарня. Яны на сёння ў Беларусі лічыная. Кожная такая культурная кропка, пафасна кажучы, на вагу золата, таму што па-ранейшаму ніхто не адмяняў цэнзуру, дзяржаўныя кнігарні, якія ўсяго баяцца і тры разы падумаюць браць ці не кніжкі „сумнеўных” аўтараў.

Уладзімер Мацкевіч – філосаф і метадолаг – прывез гарадзенцам анталогію беларускага мысьлення „Код прысутнасьці”, а таксама цытатнік вядомых людзей нашага краю пад назвай „Цытую сваё”. Ён таксама з аптымізмам глядзіць на новую кніжную пляцоўку ў Гародні.

– Сапраўды, зараз можна адчуваць літаратурны, паэтычны і ўвогуле кніжны бум на Беларусі. Але ж кнігі  выдаюцца вельмі малымі накладамі. І знаёмства беларускай публікі з імі блізкая да 0. Таму, калі з’яўляюцца ў нашых гарадах такія месцы, дзе гаспадары – самаадданыя энтузіясты, гэта нейкі пачатак.”

Як філосаф, Уладзімір Мацкевіч спадзяецца, што ціск і напружанне, якія цяпер існуюць у краіне, могуць быць той спружанай, якая выпрастаецца і дасьць разгарнуцца беларускім ідэям і беларускаму жыццю.

https://www.youtube.com/watch?v=-KmZWGdeBAc&feature=youtu.be

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара