Адбылася прэзентацыя зборніка «Ад лідскіх муроў»



У літаратурным філіяле Лідскага гісторыка-мастацкага музея адбылася прэзентацыя восьмага нумара літаратурна-мастацкага зборніка «Ад лідскіх муроў». Па словах заснавальніка, выдаўца і галоўнага рэдактара зборніка, яго выданне па розных прычынах расцягнулася на чатыры гады. Але, як і раней, пры стварэнні зборніка рэдактары заўсёды прытрымліваліся канцэпцыі «вялікай Ліды».

Дзе б лідзянін не быў, у якой краіне ці ў якім горадзе ён бы не жыў, ён мае права быць у нас надрукаваным і будзе надрукаваны калі дашле свае творы. Адзіны нюанс, што зборнік выходзіць выключна па-беларуску, расейскамоўныя аўтары, калі хочуць трапіць у гэты зборнік, трапляюць але толькі ў перакладзе на беларускую мову. Таму няма праблемы, было б жаданне.

Літаратурна-мастацкі зборнік «Ад лідскіх муроў» выдаецца ў Лідзе з 1998 года. Сёлета пабачыў свет восьмы нумар, на 440 старонках якога надрукаваныя вершы, проза, драматургія, пераклады, мемуары і мініяцюры каля 40 аўтараў, так ці інакш звязаных з Лідай. Акрамя гэтага, у зборніку прысутнічаюць раздзелы “Мемарыял” і “Кнігапіс”.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя