Адбыўся XVII з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў



4 сакавіка ў Менску прайшоў XVII з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Больш за дзве сотні творцаў сабраліся ў зале Палаца мастацтваў. Удзельнікі з’езда прынялі выніковую рэзалюцыю да беларускіх уладаў па вострых праблемах у сферы культуры, а таксама абралі кіраўніка і склад Рады. Падчас таемнага галасавання на пасаду старшыні большасць прысутных аддала свой голас за асобу дзейснага кіраўніка – Барыса Пятровіча. Ён адзначыў, што вельмі ўсцешаны такім даверам з боку сябраў арганізацыі.

– Гэта ўсё ж такі ацэнка пяцігадовай нашай працы і таму я ўдзячны сябрам Саюза, удзельнікам з’езда. Прыслухаемся да тых рэкамендацый, якія далі нам на з’ездзе. Найбольш турбуе, канешне, сітуацыя з мовай. Вось тут мы хацелі чагосьці дабіцца ад дзяржавы. Нейкіх пераменаў у стаўленні да сітуацыі з выкладаннем мовы ў школах, у ВНУ. Гэта адпаведна пацягне цікавасць да кніг.

Барыс Пятровіч падкрэсліў, што асабліва ў сённяшніх умовах сябры арганізацыі мусяць не забывацца на тыя вечныя нацыяльныя каштоўнасці, якія яны нясуць у свет – найперш, беларускае слова. 

Вялікую ўвагу ў часе сходу надалі таксама і пытанню незалежнасці. З эмацыйнай прамовай выступалі сябры саюза па пытаннях датычных ушанавання мемарыяла „Курапаты”, вяртання будынка „Дома літаратара”, у якім раней месцілася арганізацыя, а таксама дэкамунізацыі грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя