Айцец Іаан (Зьніч ): «Тайна вечнасці мучыць мяне…»



Задума гэтага матэрыялу з’явілася ў Нясвіжы, калі я быў на пасяджэнні тутэйшага духоўна-асветніцкага цэнтра «Ноеў каўчэг». Тут адбылася першая прэзентацыя новага паэтычнага зборніка «…Апошняму беларусу…» Зьніча. Гэта свецкі псеўданім паэта, філосафа, музыкі, 76-гадовага Алега Бембеля. Бліскучы пачатак кар’еры таленавітага навукоўцы ў 80-х мінулага стагоддзя быў перарваны выгнаннем з Інстытута філасофіі і права. Пасля ён атрымаў ярлык «дысідэнта» за выдадзеную ў Лондане працу «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». У 1988 адстойваў Курапаты разам з Зянонам Пазьняком. Выдаў зборнікі вершаў «Малітвы за Беларусь», «Агніва». Фаліянт больш чым на паўтысячы старонак з архіўнымі матэрыяламі ды выбранымі публікацыямі розных гадоў «Шляхам сумоўя».

Днямі я гасцяваў у яго ў Жыровіцах. Айцец Іаан граў на фартэп’яна свае улюбёныя «Паланез» Агінскага ды п’есы Шапэна. Пасля поўначы нам удалося па вузкіх камяніцах ўзняцца ў святая святых Жыровіцаў — чатырохвекавой даўніны хоры Свята-Успенскага сабора. Там нельга не гаварыць пра вечнае.

РР: Акадэмік Веліхаў, вучоны з планетарным імем, сказаў, што чалавецтва ў XXI стагоддзі стаіць перад выбарам: альбо стаць цывілізаваным альбо знікнуць, альбо стаць рэлігійным альбо ніякім…

— Акадэмік Веліхаў сваёй тэзай паказаў, што як навукоўца-ядзершчык, адзін з першых даследчыкаў Чарнобыля, інтуітыўна адчувае гэтыя спрадвечныя знакі. Зорка Палын пакрые паўсвету, усё большая колькасць роду чалавечага жыве не па духоўных запаведзях, а па сваім своечынні, жарсцях грахоўных. Ахаладжэнне Любові. І вось, як вынік, тое, што цяпер творыцца ў свеце. Кровапраліцце, што залівае ўсе кантыненты…

РР: Але Вы пісалі свае вершы з надзеяй — гэта ж у самой назве закладзена?

— Так. Але ж слова «апошні» шматплыннае. Можна быць першым на гэтым свеце і апошнім у царстве нябесным.

РР: Айцец Іаан, чаму ў часе службы ў праваслаўных архірэяў бел-чырвона-белая лента праз плячо?

— Бел-чырвона-белыя колеры — гэта колеры Хрыстовай плашчаніцы. Беларусь імі пакрытая як нацыянальным сцягам. Дзяржаўныя колеры мяняюцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі, а пад колерамі Хрыстовай плашчаніцы плямёны пойдуць і на Страшны суд.

РР: Але гэта насамрэч заканчваецца і пакутніцкім шляхам…

— Так! Свяшчэннамучанік мітрапаліт Петр Палянскі, партрэт якога ў нашай семінарыі, быў даглядчыкам Жыровіцкай духоўнай вучэльні. Калі стаў у 30-х мінулага стагоддзя, быў у гадах і разумеў, што наканаваны на пакуты. Бязбожнікі-нкусаўцы расстралялі яго — антыхрысты!

РР: Вы можаце сказаць і пра сябе, што жывяце ўсім смярцям назло…

— Гасподзь папусціў розныя шляхі і часта я па суайчынню падыходзіў да мяжы аддзялення душы ад плоці. А калі Гасподзь даў яўныя знакі, што ад жыцця свецкага мяне хоча адвесці — хваробы, аж да клінічнай смерці. Зразумеў, што сённяшні свет мяне адчужае…

РР: Якое месца ў Вашай духоўнай іерархіі займае беларуская мова?

— Гэта найвышэйшы божы дар кожнаму племені. У мове закладзена ўся сіла божага слова. Тут таксама грэшны манах спрабуе перадаць музыку мовы ў сваіх рыфмуарах.

РР: Але як усё-ткі: учарашні інак Мікалай, пазаўчарашні футбольны фанат, студэнт кансерваторыі, паэт-філосаф, актор Алег Бембель і сённяшні айцец Іаан… Як усё гэта ў Вас спалучаецца?!

—У музыцы ёсць паняцце «паліфонія» — шматгалоссе. Кожнай душы дадзеныя пэўныя таленты. І кожная душа павінна вярнуць Госпаду іх з прыбыткам. І чым больш дадзена, тым больш спагоніцца. І вось па меры сіл у «шматгалоссі» спрабую іх трымаць.

Я ехаў з Жыровіцаў, а ў душы гучалі Яго вершы:

Жыве Беларусь, жыве – і ў Польшчы, і ў Нямеччыне

Паўсюдна, дзе дух чалавечы ратуецца ў царкве.

Жыве Беларусь, жыве – у Нарвегіі і ў Ангельшчыне

Паўсюдна, дзе памяць вечная схіляецца ў журбе.

У сэрцы і ў галаве, дзе цені шаленства і горасць

Жыве падабенства і вобраз – жыве Беларусь, жыве!

На здымках: На сустрэчы ў  Нясвіжы і айцец Іаан у Жыровіцах

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя