Ала Петрушкевіч піша кнігу пра сваю малую радзіму



Сёлета вядомая гарадзенская літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ала Петрушкевіч была вымушана пакінуць Гарадзенскі ўніверсітэт, у якім працавала з 1992 года. Цяпер спадарыня Ала піша пераважна мастацкія тэксты і ўжо падрыхтавала кнігу прозы.

– Ужо стаўлю кропку на літаратуразнаўстве. Пачала пісаць прозу і падрыхтавала новую кнігу, якая называецца “Пра тое, што люблю”. І пішу яшчэ “Шчонаўскія абразкі”. Сплачваю доўг сваёй малой радзіме. Кніга пра маю вёску. Жывая гісторыя. Жывыя ўспаміны. Тое, што помню сама.

Дагэтуль Алла Петрушкевіч была аўтарам пераважна літаратуразнаўчых кніг, сярод якіх “Іду па слядах”, “Пра творы і творцаў”, “Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі”. Сёлета выйшла яе літаратуразнаўчая кніга “Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай”.

Ала Петрушкевіч на сёлетнім літаратурным семінары „Бязмежжа” (Беласточчына).

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара