Ала Петрушкевіч прэзентавала “Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай”



У Гародні, у мясцовай бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага, прайшла прэзентацыйная вечарына новай кніжкі пра літаратурныя працэсы Панямоння. Назва кнігі аўтарства сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алы Петрушкевіч “Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай”.

Пра аўтара кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

– Яна і сама пісьменніца – і празаік, і паэтка. У кнігу, якую яна прэзентавала, увайшло шэраг розных матэрыялаў. Вельмі цэласная тым, што яна аб’яднаная гарадзенскай пляцоўкай. І вельмі змястоўная, асабліва арыгінальнымі, змястоўнымі, прыгожымі, па-жаночы прыгожымі, назіраннямі літаратуразнаўцы, які піша пра літаратуру нашай Гарадзеншчыны.

На імпрэзе ўдзельнікі пераканаліся, што такія навуковыя па форме кніжкі могуць знайсці ўдзячнага чытача. Для гэтага патрэбны толькі літаратурны талент, якім валодае Ала Петрушкевіч. У выкананні былых навучэнцаў Алы Петрушкевіч па ўніверсітэце гучалі вершы, песні на словы літаратараў, герояў прэзэнтаванай працы. А кніга выйшла ў выдавецтве “ЮрсаПрынт ”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя