Алена Анісім: Людзі вяртаюцца да вытокаў…



“Вяртанне да мовы – гэта модная тэндэнцыя, якае мае шанцы стаць традыцыйнай плынню, што дазволіць беларусам, у рэшце рэшт, стаць паўнавартаснай нацыяй”, – лічыць першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Алена Анісім: Тое, што зараз бачна ў грамадстве цікавасць да роднай мовы, да гісторыі – гэта, на мой погляд, трэнд, які мае магчымасць пераўтварыцца ва ўсеагульны і ўсеахопны. Чаму я так думаю? Па-першае, прыклад Украіны шмат што паказаў, і людзі адчулі неабходнасць вярнуцца да сваіх вытокаў. Па-другое, у свеце ўвесь час ідзе барацьба паміж дабром і злом. Калі людзі прадаюць сваю душу, тым самым яны пераходзяць на бок зла. Дык вось зараз, мне падаецца, многія зразумелі і адчулі, што быць на баку дабра – гэта бараніць сваё, бараніць сваю душу. А душа беларуса – гэта яго мова і культура. Таму я маю вялікі спадзеў на тое, што зараз беларусы, вяртаючыся да мовы, пазіцыянуючы сябе людзьмі пэўных традыцый, нашчадкамі слаўных продкаў, тым самым паварочваюцца на бок дабра. Пра гэта сведчыць яшчэ і тое, як народ падтрымлівае розныя нацыянальныя ініцыятывы і мерапрыемствы, нават ахвяруючы грошы. У тым ліку, і на дзейнасць ТБМ. Таму я думаю, гэтая плынь будзе паступова напаўняцца і пашырацца.

РР: Вяртанне да мовы – гэта больш мода ці ўсведамленне вяртання да каранёў?

Алена Анісім: Гэта модная тэндэнцыя, якае мае шанцы стаць традыцыйнай плынню і тым паступовым працэсам, які дазволіць беларусам, у рэшце рэшт, стаць паўнавартаснай нацыяй.

РР: Ці дапамагае ў гэтым накірунку дзяржава?

Алена Анісім: Дзяржава – гэта паняцце неаднароднае. У дзяржаўных структурах знаходзяцца людзі розных поглядаў, рознага менталітэту і паходжання. Ёсць там тыя, хто прыхільна ставіцца да ўсяго беларускага, а ёсць і тыя, каму такія ініцыятывы не даспадобы. Хтосьці займае нейтральную пазіцыю. У прыхільнікаў беларускага – адпаведнае меркаванне, і, магчыма, дзякуючы ім, здамаюцца некаторыя негатыўныя наступствы – адмяняюцца розныя недарэчныя рашэнні, перастаюць пераследаваць тых, хто займае актыўную пазіцыю. А вось, ці патрэбна, каб дзяржава падтрымлівала? Я думаю, калі дзяржава не будзе замінаць, а стане працягваць тыя рэчы, што ўжо робіць (тыя ж білборды з беларускай мовай і сімволікай), то, як мне падаецца, усё будзе нармальна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя