Алесь Камоцкі даў канцэрт пад Жодзінам



У малой залі Зялёнаборскага ДК пад назвай „19-га а 19:00” у прысутнасці вялікага банера і прадстаўніцы кампаніі „Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле некалькіх дзясяткаў гледачоў рознага веку, у тым ліку з Жодзіна, прайшоў канцэрт вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага.

Алесь спяваў свае новыя і ўжо папулярныя песні, шмат распавядаў і адказваў на пытанні прысутных.

Прадстаўніца кампаніі „Будзьма беларусамі!” правяла маленькую віктарыну і раздала пераможцам прызы. Памятныя сувеніры атрымаў таксама кожны з гледачоў 1,5 гадзіннага канцэрта.

Сустракалі і праважалі Алеся Камоцкага па-сяброўску. Кіраўнік ДК Валеры Гусеў сустрэў барда з Менска на Жодзінскім аўтавакзале і на ўласным аўто падвёз яго таксама пасля канцэрта да маршруткі.

Вечар у Зялёным Бары прайшоў цікава і плённа. Сябры дамовіліся яшчэ неаднойчы сутрэцца, у тым ліку з новымі выступоўцамі, а таксама ў Жодзіне пры падтрымцы актывістаў мясцовай арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны ды ў межах вядомай кампаніі „Будзьма беларусамі!”.

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя, Жодзіна 

Фота Аляксея Лапіцкага