Амерыканская літаратура жахаў — па-беларуску



Упершыню навэлу класіка літаратуры жахаў, амерыканскага пісьменніка Говарда Філіпса Лаўкрафта, пераклалі на беларускую мову яшчэ ў 90-я гады. Аднак, толькі зараз выйшаў асобным выданнем зборнік яго апавяданняў “Кліч Ктулху”.

У сталічнай кнігарні “Акадэмкніга” распачаўся продаж гэтага выдання. Гаворыць выдавец Андрэй Янушкевіч:

— Старт продажу кнігі легендарнага класіка літаратуры жахаў Говарда Філіпса Лаўкрафта. Мы выдалі супольна з часопісам «Прайдзсвет» кнігу Лаўкрафта пад назвай “Кліч Ктулху”. Гэта зборнік найбольш вядомых, найбольш знакавых апавяданняў Лаўкрафта, якія ўжо даўно сталі класікай гэтага роду літаратуры, жахлівай літаратуры, якія давалі натхненне такому аўтару як Стывен Кінг, напрыклад. 

Літаратурныя крытыкі нават вылучаюць асобную плынь: “лаўкрафтаўскія жахі”, калі акцэнт зроблены не на самім жаху, а на ўспрыняцці яго чалавекам. Амерыканскі пісьменнік памёр у 1937 годзе, не дажыўшы да сарака гадоў. Пры жыцці ён так і не пабачыў ніводнай сваёй выдадзенай кнігі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск   

Фота аўтара