Анатоль Тарас правёў прэзентацыю 3 кніг



Выхад кожнай кнігі Анатоля Тараса, або чарговае выданне пад яго рэдакцыяй выклікае рэзананс ў акадэмічных колах. І не заўсёды станоўчы. Днямі ў адной са сталічных бібліятэк прайшла прэзентацыя адразу трох новых кніжак, якую правёў сам выдавец – навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры:

—  Мы прадстаўлялі тры новыя кнігі, якія выйшлі пад эгідай нашага Інстытута. Выдавецствы розныя, але ўсё гэта — праца нашага інстытута. Па-першае гэта кніга былога прафесара Акадэміі мастацтваў Беларусі Леніны Міронавай «Кароткая гісторыя жывапісу Беларусі XVI стагоддзе — пачатак XX стагоддз», па-другое, гэта зборнік маіх артыкулаў «Старонкі мінулага» і па-трэцяе, гэта кніга Міхаіла Меціна “Белая Русь. Хроніка ўжывання тэрміна».

Кнігі па гісторыі Беларусі, выдадзеныя з удзелам Анатоля Тараса, заўсёды спрэчныя, ён смела ломіць акадэмічныя стэрэатыпы, што спараджае шэрагі зласліўцаў і крытыкаў. Аднак, яны маюць тую перавагу, што зробленыя з беларуска-цэнтрычных пазіцый. Факты прыводзяцца агульнавядомыя, але іх трактоўка нашая, патрыятычная.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя