Андрэй Мікалаеў: Мы сталі нацыяй апатычных людзей



Мастацкі праект „Беларусы і Падляшша” над якім на працягу года працавалі мастакі з творчага аб’яднання „Жалезны воўк” (Наваполацк) нарэшце завершаны. Пра перадгісторыю і сутнасць праекта распавёў кіраўнік аб’яднання Андрэй Мікалаеў.

РР: Распавядзіце калі ласка пра вашае творчае аб’яднанне.

Андрэй Мікалаеў: Упершыню мы сабраліся разам і пачалі працаваць яшчэ ў 1997-м годзе як клуб гістарычнай рэканструкцыі. Чаму менавіта так – ну, таму што ў той час увогуле быў ўздым цікавасці да старажытнай беларускай гісторыі. Асабліва да рыцарскай, і асабліва сярод моладзі. Спачатку гэта і было асноўным накірункам нашай дзейнасці.

Але пазней яна пашырылася і выйшла за межы ўласна клуба – да нас далучыліся мастакі і аматары тэхнічнай творчасці, мы сталі здымацца ў кіно, дарэчы не толькі па рыцарскай тэматыцы, і таксама самі пачалі спрабаваць здымаць аматарскі кароткі метраж. Называць усё гэта проста клубам ужо было нельга. Таму такую нефармальную групоўку людзей з рознымі цікавасцямі зараз можна вызначыць менавіта як творчае аб’яднанне.

РР: Раней вы былі актыўным удзельнікам рыцарскага руху, чаму вырашылі заняцца мастацтвам?

Андрэй Мікалаеў: Справа ў тым, што выраб даспехаў гэта таксама мастацтва. І мэтай усяго, што мы рабілі было не толькі ўдзел ў фэстах ці выраб даспехаў, а ўвогуле аднаўленне рыцарскай, ці дакладней шляхецкай культуры Беларусі. Гэты цікавейшая частка нашай гісторыі за пэўны час была знішчана як сацыяльна чужынская. Але без гэтага гісторыя Беларусі не з’яўляецца паўнавартаснай.

Таму ідэя аднавіць такі жанр жывапісу як “Сармацкі партрэт” (то бок рыцарскі) з самага пачатку была ў нашых планах. Заставалася толькі знайсці мастакоў, якія зацікавіліся б гэтай справай.

Тут трэба адзначыць, што не вяльмі ўдалыя спробы маляваць нейкія партрэты рыцараў ці князёў ВКЛ былі і раней. Але гэта рабілася без патрэбнай тэарытычнай базы і больш паходзіла на казачныя ілюстрацыі. Наш падыход да адраджэння жанра сарматызма быў прафесійны і абгрунтаваны. Канешне мы не збіраліся проста капіраваць старых майстроў. Мастацтва заўсёды павінна рухацца наперад – інакш пачынаецца застой і стагнацыя.

А як цяпер выглядае сітуацыя з “рыцарскімі справамі”?

Андрэй Мікалаеў: Як і раней але без фэстаў і казённых мерапрыемстваў. Так званы рыцарскі рух зараз знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Рэканструкцыяй ВКЛ займаюцца толькі асобныя клубы. А мець справу з фэйкавымі “ралевікамі” нам не цікава. Таксама як і прымаць удзел ў так званых днях горада ды іншых “славянскіх базарах” больш падобных да балагана блазнаў.

Мы працягваем рабіць сваю справу ў свае задавальненне без непатрэбнага шуму.

РР: Што вас наткхніла на стварэнне партрэтаў прысвечаных беларускім барацьбітам? Зараз жа вы малюеце ўжо не рыцараў.

Андрэй Мікалаеў: Ну, па-першае не толькі барацьбітам, але і беларускім дзеячам культуры. Оперны спявак Забэйда-Суміцкі не менш значная гістарычная постаць, чым вайскоўцы ці рыцары. Нам цікавыя ўсе беларусы якія чымсці вызначыліся ў гісторыі.

І як я ужо казаў – трэба заўсёды рухацца наперад. Вось мы і рухаемся – пасля “Неа-Сармацкага партрэта” пряцяг творчасці знайшоў новую форму. І цяпер тэма нашай выставы ахоплівае больш шырокае кола асобаў. Думаю гэта можна назваць “Пост-Сарматызмам” – але час пакажа.

 А па-другое, жывапіс гэта адзін са шляхоў выражэння ідэі. Калі раней мастакі былі толькі тымі, хто ўмее маляваць, то зараз гэта перш за ўсё тыя, хто ўмее думаць і вынаходзіць новае. Хочам мы ці не, але мы зараз жывем у пост-індустрыяльным свеце, дзе мастацтва ёсць не проста нейкія карцінкі як лічаць некаторыя чыноўнікі, а адзін з рухавікоў грамадства.  

РР: Чаму вы абралі менавіта гэтых асобаў?

Андрэй Мікалаеў: Таму, што гэта тыя, якія вартыя ўвагі. Яны былі людзьмі дзеяння – яны ішлі і нешта рабілі. На жаль гэтыя асобы зараз мала каму вядомы, за выключэннем вузкага кола спецыялістаў, і гэта не ёсць добра. Кожная нацыя ганарыцца сваімі героямі, нават стварае з іх адметны трэнд па якім яе пазнаюць у свеце. Японцы ствараюць фільмы і коміксы пра самураеў, амерыканцы пра піянераў Дзікага Захаду, нарвежцы пра вікінгаў, румыны нават пра Графа Дракулу. А вось беларусы чамусці сваіх не памятаюць.

Калі запытаць у звычайных людзей каго яны ведаюць з вядомых суайчыннікаў, то большасць можа і не адказаць. Пасля гэтага не дзіўна, што пра Грунвальд пішуць як пра “вялікую перамогу літоўцаў”. Беларусаў выкраслілі з гісторыі, а нашых герояў разабралі іншыя. І гэта не дзіўна – калі вы не шануеце сваю спадчыну. Чаму так адбылося гэта тэма асобнай размовы, але такая сітуацыя нас не задавальняе.

РР: Якую думку вы хацелі б данесці сваёй творчасцю?

Андрэй Мікалаеў: Асноўная думка – жаданне абудзіць цікавасць людзей да саміх сябе. Як бачна цяпер, ні савецкая, ні пазнейшая ідэалогія не кранае беларусаў. Мы сталі нацыяй апатычных людзей, таму пачынаць трэба з каранёў. Называйце гэта гісторыяй ці гістарычнай памяццю – гэта не так важна. Увогуле народ без памяці ператвараецца ў нежыццяздольнае насельніцтва і паступова знікае. Як зніклі  Чудзь, Мяшчэра, Ацтэкі ці Дакі. Думаю ніхто з беларусаў не хацеў бы, каб іх напаткаў такі ж лёс.

На цяперашні момант серыя карцін уключае больш за дваццаць прац.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Андрэя Мікалаева