Андрэй Вашкевіч прачытаў лекцыю пра нёманскае судаходства



У Гародні прайшла публічная лекцыя гісторыка Андрэя Вашкевіча. У арт-галерэі „Крыга” ім была праведзена прэзентацыя ўласных напрацовак па тэме: „Навігацыя па Нёмане. Віціннікі і плытагоны.” На лекцыі быў прыадчынены толькі адзін сегмент рачнога жыцця: плаваючых сродкаў і людзей, якія іх абслугоўвалі. Як паведаміў лектар, пра нёманскую навігацыю ў беларускай гісторыі вядома няшмат. Найбольш ясна, як жылі людзі ракі Нёман у 19-20-м стагоддзях.

Кажа Андрэй Вашкевіч:

– Перыяд драўляных судоў – вялікіх, меншых. Гэта перыяд нёманскіх промыслаў, не толькі плытагонства, гэта перыяд шматлікіх паромаў, якія праз Нёман існавалі. Гэта той перыяд, з якога мы сёння маглі б чэрпаць натхненне. Хаця чэрпаецца натхненне ў нас з гэтага ў меншай ступені. Вікінгаўскі карабель ўжо зрабілі бярозаўскія хлопцы. Але пакуль што віціну не пабудавалі. Хаця ўжо, як мінімум, адна пабудаваная віціна ёсць – на Троцкім возеры. Гэта традыцыйна нёманскія судны, без якіх уявіць сабе Нёман у 19 стагоддзі проста немагчыма.

Сустрэча была падрыхтавана „Гарадзенскай бібліятэкай”, якая шточацвер прапануе гарадзенцам цікавыя краязнаўчыя, адукацыйныя лекцыі. У іх уваход заўсёды вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя