Апошнія дні „Магніфіката” на Глыбоччыне (абноўлена)



Гран-пры адзінаццатага міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх  фільмаў і тэлепраграм „Магніфікат-2015” атрымала ў Глыбокім чэшская дакументальная стужка „Кірыла і Мяфодзій”. Па прычыне адсутнасці рэжысёра, прыз за яго атрымала намесніца пасла Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідзенка Наваградска (на здымку).

magnifikat_vyniki_3

Сярод высокіх гасцей фестывалю быў і дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі, які падкрэсліў значнасць правядзення фестывалю „Магніфікат” для духоўнага развіцця чалавецтва:

– У сучасным свеце, калі чалавецтва часта адмаўляецца ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і, магчыма, увогуле хоча забыць пра тое, што існуе штосьці духоўнае і высакароднае, менавіта такі фестываль, які аб’ядноўвае розных людзей розных канфесій, сведчыць пра веру, пра тое, што перажывае чалавек. Гэта выдатная справа.

Кінафестываль доўжыўся пяць дзён, 30-га верасня ён быў распачаты ў Менску ў Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі. А завершыўся 3-га верасня ў глыбоцкім касцёле Святой Тройцы святочнай імшой і ўзнагароджаннем пераможцаў у гарадскім цэнтры культуры. У гэтым годзе было прадстаўлена каля 50 работ кінамайстроў з 16 краін свету. Упершыню ў фестывалі ўдзельнічала Аргенціна.

magnifikat_vyniki_4

На здымку: (злева направа) старшыня журы фестывалю Крыстына Лялько, сябра журы Алег Вінярскі, старшыня фестывалю Юры Гарулёў.

* * *

У цэнтр Еўропы, вёску Івесь Глыбоцкага раёна, па традыцыі прыехалі ўдзельнікі міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм  „Магніфікат”, каб пасадзіць яшчэ адно дрэўца на алеі ў гонар новай краіны-ўдзельніцы – Аргенціны. А мясцовыя жыхары сустрэлі гасцей з караваем і канцэртам.

ives_1

Як кажа кінарэжысёр і прадусар з Арменіі Армэн Гаспаран, якому даручылі саджаць дрэва ў гонар Аргенціны, дакументальны фільм ” Белы дзень”, які ён зняў пры падтрымцы Аргенціны, распавядае пра стагоддзе з дня генацыда армян і ўшанаванне іх памяці:

– Можна сказаць, што на 80% гэта вытворчасць Аргенціны. Праўда, фільм зняты ў Арменіі, тэматыка армянская. Аргенцінскі ўдзел – вытворчы і фінансавы. Паводле закону, фільм лічыцца аргенцінскім. А паколькі Аргенціна раней не брала ўдзел у гэтым фестывалі, то пасадзіць дрэва на алеі кінафестывалю, што стала ўжо традыцыяй, было даручана мне. Я прадстаўляю тут і Аргенціну таксама.

Сёння – заключны дзень фестывалю. У Глыбоцкім цэнтры культуры адбудуцца апошнія прагляды дакументальных стужак, будуць аб’яўленыя пераможцы і уручаныя ўзнагароды за лепшыя мастацкія працы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі