Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску



Арт-цэнтр Марка Шагала – адзін з двух віцебскіх музеяў, прысвечаных славутаму творцу, які паходзіў з Віцебску. Але калі Дом-музей Шагала на Пакроўскай распавядае пра жыццё Марка Шагала ў кантэксце гісторыі горада таго часу, то арт-цэнтр больш арыентаваны на знаёмства з творчасцю вялікага майстра.

dscn0034

Тут праводзяцца выставы графічных прац Марка Шагала (літаграфіі, ксілаграфіі, афорты, акватынтаў). У калекцыі арт-цэнтра маюцца серыя ілюстрацый да паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы» (1923-1925), серыі каляровых літаграфій на тэму «Біблія», створаныя ў 1956 і 1960 гадах, цыкл каляровых літаграфій «12 кален Ізраіля» (1960) і іншыя працы мастака. Тут таксама адбываюцца выставы сучасных мастакоў – як беларускіх, так і з усяго свету.

Арт-цэнтр Марка Шагала створаны ў 1992 годзе, і на дадзены момант гэта самы малады музей Шагала ў свеце. Будынак арт-цэнтра першапачаткова належыў дваранскай сям’і. Гэта цагляны дом у два паверхі, які памятае многія падзеі ў гісторыі Віцебска. Бо менавіта ён намаляваны на вядомай карціне майстра „Над горадам” побач з губернатарскім палацам.

Да 12 снежня ў арт-цэнтры экспануецца выстава жывапісных работ мастачкі з Рыгі Дайгі Крузэ. Мастачка скончыла аддзяленне жывапісу і рэстаўрацыі Латвійскай акадэміі мастацтваў. З 2004 года ў яе прайшло больш 10-ці персанальных выстаў. Яе персанальная выстава „Hideout”, якая адбылася ў галерэі Алма ў 2013 годзе, была намінаваная на вядомую ў Латвіі прэмію Пурвіціса, якая прысуджаецца адзін раз у два гады за лепшы твор, які ілюструе эпоху, і атрымала штогадовую прэмію ў галіне культуры “Diena”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік