“Багаславі нас, Маці”



Рымска-каталіцкая парафія Наведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Вішневе Валожынскага раёна выпусціла першы папяровы парафіяльны спеўнік “Багаславі нас, Маці” ў незалежнай Беларусі. Унікальнае прыгожае выданне налічвае 340 старонак. Спеўнік прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага каталіцкага святара, перакладчыка Бібліі і Катэхэзіса на беларускую мову Уладзіслава Чарняўскага, юбілей якога будзе адзначацца 14 студзеня.

Цікава тое, што зборнік уклала, падрыхтавала, зрабіла макет, набрала тэксты, засвоіла нотную праграму, цалкам звярстала кнігу 75-гадовая Марыя Трапашка з Валожына. Не кожны чалавек сёння ў такім узросце наогул ведае камп’ютар, а спадарыня Трапашка здзейсніла цуд. Дарэчы, у спеўніку вельмі шмат яе асабістых песень і нотаў да іх. Марыя Трапашка ўсё сваё жыццё адпрацавала ў Валожыне настаўніцай роднай мовы і літаратуры, яна ведала і ведае асабіста амаль усіх літаратараў Беларусі, а з Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевіча сябруе ўжо гадоў 50. Шмат дзесяцігоддзяў Марыя Трапашка была ў добрых стасунках з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім. У прадмове да парафіяльнага спеўніка Марыя Трапашка пра ксяндза Чарняўскага сказала: “Ксёндз-ахвярнік, руплівец на ніве адраджэння мовы ў касцёлах Беларусі. Ён пераклаў на беларускую мову “Новы запавет”, некалькі кніг “Старога запавету”, малітвы і рэлігійныя песні, “Жыцці святых” ды іншае. Усё гэта мае апрабату Апостальскай сталіцы. Айцец Уладзіслаў Чарняўскі быў дасканалым перакладчыкам, выдатна адчуваў моц слова, умеў адшукаць яго найлепшы варыянт і пабудаваць фразу так, каб узмацняўся яе малітоўны накал: “Помні, о Найміласцівейшая Дзева Марыя, што спрадвеку нечувана, каб той, хто шукае Тваёй апекі, хто просіць Тваёй успамогі, хто моліць Твайго заступніцтва, быў Табою забыты”.

speunik

speunik.jpeg1 speunik.jpeg2

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Валожын