“Бандэрштат” зноў акупаваў Луцк



У горадзе Луцк адбыўся дзявяты па ліку фестываль украінскага патрыятычнага духу – “Бандэрштат”. Паводле арганізатараў, на фестывалі сабраліся больш за шэсць тысяч чалавек, у тым ліку некалькі ўдзельнікаў АТО, многія з якіх зараз знаходзяцца на Валыні на рэабілітацыі. На музычнай сцэне Беларусь на “Бандэрштаце” прадставіў гурт BRUTTO. Таксама на фестывалі прысутнічалі некалькі дзясяткаў беларусаў, якіх заўсёды тут рады бачыць, – адзначыў лідар кіеўскага гурта “Тінь сонця” Сяргей Васілюк:

– Мы любім беларусаў і заўсёды жадаем сустракацца. Беларусы – гэта сапраўдныя нашы браты, вельмі любім вашую краіну, ваш народ і вельмі ганарымся, што паміж намі ёсць такое братэрства. Прыязджайце да нас яшчэ і яшчэ. І вельмі дзякуй тым беларусам, якія стаяць на ахове нашых усходніх межаў.

Акрамя вялікай музычнай сцэны, на “Бандэрштаце” былі арганізаваныя іншыя пляцоўкі на разнастайныя тэмы. Сярод іншага – гэта акустычная сцэна, гутаркі з вядомымі украінцамі, прагляд кінастужак, спартовыя спаборніцтвы, майстар-класы, гандаль і гэтык далей.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя