Барыс Кіт адзначае сваё 105-годдзе



6 красавіка спаўняецца 105 гадоў Барысу Кіту — выбітнаму беларусу, які спрычыніўся да падрыхтоўкі палёта чалавека на Месяц. Ён вядомы дзеяч беларускай дыяспары і культурны мецэнат у эміграцыі.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў беларускай сям’і ў Пецярбургу. Праз восем год сям’я вярнулася на радзіму. Цяпер ён стала жые ў Нямеччыне, аднак навуковыя поспехі звязаныя са Злучанымі Штатамі.

Барыс Кіт у адным з інтэрв’ю для нашага радыё сам ацаніў свае навуковыя дасягненні:

– Меў асягненні вялікія ў жыцці – асабліва ў касманаўтыцы. Найбольш вядомае, што я зрабіў у Амерыцы. Меў вялікія асягненні на пачатку жыцця касманаўтыкі. Мне ўдалася адным з першых пачынаць гэтую вялікую навуку і зрабіць пэўны ўклад у яе. Я надрукаваў першы падручнік па астранаўтыцы ў свеце.

За ўнёсак у развіццё астранаўтыкі Барыс Кіт адзначаны шматлікімі прэміямі ды ўзнагародамі. Ён з’яўляецца ганаровым жыхаром Наваградка, у якім у маладосці скончыў беларускую гімназію. Тут адкрыты яго музей.

 

Беларускае Радыё Рацыя