“Адборышча” на “Басовішча” (абноўлена)



Вынікі “Адборышча” каментуе Ганна Пякарская, старшыня “Беларускага аб’яднання студэнтаў” Польшчы:

– Я вельмі цешуся, што пераможцы сёлетняй конкурснай часткі прадстаўляюць розныя музычныя жанры, зусім іншая энергетыка на сцэне. Таму лічу, што журы “Басовішча” будзе яшчэ складаней выбраць аднаго пераможцу з чатырох  вельмі добрых гуртоў.

27-ае па ліку “Басовішча” адбудзецца 22 і 23 ліпеня ля Гарадка, што на Падляшшы.

* * *

У Меснску прайшоў паўфінал штогадовага падляшскага фестывалю. З дзесяці гуртоў журы адабрала чатыры,  найбольш адметныя. Такім чынам, упершыню ў конкурснай частцы “Басовішча” прыме ўдзел выключна інструментальнае трыё The Glitchhh і гурт тэхна-блюзавага кірунку The Intelligency. Гарадзеншчыну будуць прадстаўляць адразу два гурты – M.G. з Наваградку, і “.К” (кропа кей) з Гародні.

Вынікі адбору ацэньвае сябра журы, спявачка з Беластоку Ілона Карпюк:

– Трэба разумець музыку не толькі ў моўным сэнсе, але і з гледзішча працэсаў, якія адбываюцца ў музычным свеце. Таму трэба адпавядаць і адказваць на патрабаванні часу і слухачоў. І думаць пра перспектыву.

Дадамо, што на “Басовішча” можа выправіцца яшчэ адзін гурт з дзесяці ўдзельнікаў “Адборышча”. Яго пазней абярэ “Еўрарадыё”.

* * *

19 лютага ў беларускай сталіцы праходзіць „Адборышча” на фестываль „Басовішча”. У гэты час у менскім клубе „Ілі” (пр. Незалежнасці, 131/1) ужо праходзіць дзесяцігадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фестывалю, пераможцаў мінулых гадоў і гасцей з Польшчы.

У конкурснай частцы прымаюць удзел дзесяць гуртоў, прымаюць удзел таксама і госці, сярод якіх гурт Ilo & Friends з Беласточчыны.

Шматгадовы арганізатар „Басовішча”, лідарка гурта гурт Ilo & Friends Ілона Карпюк.

РР: Як Менск прывітаў вас?

Ілона Карпюк: Вітаю сардэчна ўсіх слухачоў Беларускага Радыё Рацыя, спадзяюся таксама, што нас магчыма чуюць слухачы з Менску, якія пасля гэтай гутаркі змогуць да нас далучыцца ў клубе „Ілі” фактычна насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Вельмі зручная месцазнаходжанне, месца вядомае людзям, якія слухаюць музыку і бываюць на канцэртах. Тут калісьці быў іншы клуб, таму канцэртная пляцоўка ўжо правераная. Запрашаем паслухаць не толькі конкурсныя гурты, але і гасцей сённяшняга канцэрта. Варта адзначыць, што пасля конкурсу, палова якога прайшла, выступае шосты гурт, зараз грае гурт „Гайна”. Пасля конкурсу гурт „Navi”, які ў мінулым годзе разам з гуртом „Тонкі ход” перамог у конкурсе фестывалю „Басовішча”. Пасля выступу гурта „Navi” адбудзецца прэм’ера нашага альбома „Кола”.

РР: Як гэтыя шэсць гуртоў выступілі? Як ацэньваеш агульны ўзровень сучаснай маладой беларускай музыкі?

Ілона Карпюк: Вельмі цяжка адказаць наўрост на гэтае пытанне, бо тут характэрная вялікая разнароднасць гэтых выканаўцаў. Сёння выступалі гурты, якія натхняюцца фольк-рокам, якія граюць інструментальную музыку, таксама гурты, якія больш у стылі поп-рока граюць, а што будзе наперадзе яшчэ пабачым. Мы як сябры журы гэтага конкурсу адслухоўвалі гурты раней, бо выбіралі гэтыя дзесяць каманд з большай колькасці гуртоў. Мы ўжо мелі такі вобраз, музычны краявід сучаснай маладой Беларусі, а што пройдзена застанецца фестывалю „Басовішча” ў ліпені. Пабачым, сёння шмат сяброў журы працуе, таму вынікі прадказаць зараз немагчыма, але гэта прыемная праца і прыемны абавязак.  

РР: Ты згадала пра новы альбом „Кола”, ці ёсць нейкае хваляванне перад гэтым выступам?

Ілона Карпюк: Заўсёды ёсць хваляванне, калі ідзе пра выступы ў Беларусі – гэта безумоўна. Тым больш, што гэтых выступаў увогуле так шмат не было, хаця досвед у нас нейкі ёсць, бо ўжо двойчы выступалі ў Менску і аднойчы ў Берасці на фестывалі „Men’s Fest”. Так, што гэты выступ мае для нас вялікае значэнне, бо па-першае, прэзентуем новы альбом, а па-другое, заўсёды інакш прымаюць нас слухачы ў Беларусі, калі мы спяваем на беларускай мове. Я выбіраю тэксты на літаратурнай беларускай мове, бо слухач на Беласточчыне, у Польшчы вельмі часта слухае музыку, а разуменне часта прыходзіць пасля. Тут слухач непасрэдна адчувае супольнасць музыкі з тэкстам, таму адчуванні зусім іншыя, а хваляванне большае.

„Басовішча-2016″ пройдзе 22-23 ліпеня ў Гарадку на Беласточчыне, але яго арганізатары з Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы пры падтрымцы парталу Tuzin.fm вырашылі ўсё пачаць яшчэ зімой у Менску.

bas_afisha

У клубе “Ілі” знаходзіцца і наш карэспандэнт Стас Дэдэрка:

– Канцэрт будзе доўжыцца больш за 10 гадзін, з якіх 3,5 гадзіны займае выступ канкурсантаў. На дадзены момант выступае трэці па ліку гурт – гэта “Adarviroh”, які грае метал з элементамі ірландскага фальклору. Перд імі выступілі “Yamaya” і хлопцы з “M.G.”, якія паходзяць з Наваградчыны. З Гарадзеншчыны будзе таксама Яўген Кучмейна, якія хаваецца пад нікам .K (кропка К).

Калі меркаваць па далейшым спісе ўдзельнікаў, то чакаецца выступ вельмі цікавых калектываў: “Haina”, якая грае рок без гітары – там толькі баян, бубны і спрыпка; выступіць рэпер Angst – малады і перспектыўны паэт Віталь Рыжкоў. Думаю, цікавы сэт будзе ў гурта “Intelligency”.

Працягваем сачыць за падзеямі ў клубе “Ілі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск