Беларуска стала лепшай на міжнародным конкурсе Your Voice 2016



Беларуская выканаўца Анастасія Лейкіна стала пераможцай першага міжнароднага музычнага інтэрнэт-конкурсу Your Voice 2016 ( «Твой голас»), піша «Наша ніва».

Анастасія апярэдзіла канкурэнтаў з 29 краін і заваявала сімпатыі інтэрнэт-гледачоў і журы. Кампазітар і прадзюсар Лейкінай Вадзім Рузаў не хавае радасці з нагоды поспеху падапечнай.

«Новая зорачка запалілася на небасхіле беларускага шоў-бізнэсу. Анастасія спявае пранікнёна, шчыра і кранальна. Менавіта гэтыя якасці і падкупілі арганізатараў інтэрнет-праекта Your Voice 2016. Яны прапанавалі Анастасіі прыняць удзел у конкурсе ад Чэхіі, паколькі прадстаўнік ад Беларусі ўжо быў абраны», – распавёў Вадзім Рузаў.

Па ўмовах конкурсу, абраныя ад кожнай краіны артысты прадставілі відэа свайго выканання. Усе матэрыялы размяшчаліся ў інтэрнэце і былі даступныя для карыстальнікаў. Галасаванне гледачоў і журы, у склад якога ўвайшлі артысты з розных краін, у тым ліку пераможцы і ўдзельнікі песенных праектаў, праходзіла ў рэжыме онлайн. Больш за ўсё балаў – 709 – набрала відэа Анастасіі Лейкінай з песняй Лары Фабіян Je suis malade. Менавіта з гэтай песняй беларуска стала лідарам праекта «Спяваючыя гарады. Трэці сезон».

Для Анастасіі як пераможцы арганізатары інтэрнэт-конкурсу напішуць песню і пададуць магчымасць зняць на яе відэакліп з наступным прасоўваннем ў Сусветнай павуціне.

22-гадовая Анастасія Лейкина стала вядомая дзякуючы паспяховаму ўдзелу ў музычных праектах і конкурсах. Зараз дзяўчына працуе над новымі песнямі, якія напісаў для яе Вадзім Рузаў. Таксама яна мае намер удзельнічаць у адборы на конкурс «Славянскага базару ў Віцебску».