Беларуская Калядная Ялінка ў Таронта



10 студзеня Царква Св. Кірылы Тураўскага і Згуртаванне Беларусаў Канады зладзілі Беларускую Калядную Ялінку’2016.

Удзельнікаў Ялінкі прывітаў Айцец Яўген і распавёў дзеткам пра жыццё сына Божага, Ісуса Хрыста, пасля чаго пачаўся спектакль. Мамы і таты сёлета праявілі ініцыятыву і паставілі спектакль паводле п’есы Сяргея Кавалёва «Шлях да Бэтлеему».

На Ялінку традыцыйна завіталі і Каляднікі з Казой, Мядзведзем і Буслом, якія забаўлялі дзетак і бацькоў калядкамі і гульнямі.

Дзядуля Мароз са Снягуркай павадзілі з дзеткамі карагоды вакол каляднай ялінкі ды выслухалі ўсе вершы і песні, падрыхтаваныя дзеткамі. І вядома, усе атрымалі невялікія падаруначкі, якія, дарэчы, у гэтым годзе былі з Беларусі. Так літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах “Гарбузік” з макетам Лідскага замка і набор немаўклівых паштовак “Не маўчы па-беларуску” павезлі дадому больш за тры дзесяткі канадскіх беларусікаў.

Па словах нашых удзельнікаў, Беларуская Ялінка прываблівае сваёй хатняй, утульнай і святочнай атмасферай з пазітыўным зарадам энэргіі на ўвесь год!

Не паспелі адгучаць калядныя званочкі, а мы ўжо рыхтуемся да наступнага нашага мерапрыемства, якое не за гарамі.

Мова Нанова ў Таронта запрашае на заняткі ў суботу, 23 студзеня. Тэма: Беларускія стравы. Гатуем разам!

Ірына Тоўсцік

Фота: Алена Лявончанка і Максім Зінчук