Беларуская мастачка «заваявала шэрасцю» Варшаву



На ноч музеяў у Варшаве, завітаўшы на Акадэмію мастацтваў, можна было паглядзець на працы маладой беларускай мастачкі Лізы Галаўко, якая стварыла серыю малюнкаў пад назвай «Заваюй гэта шэрасцю».

«Каб колер блішчэў, найлепш падбіць яго больш шэрым, матавым, а яшчэ лепш адваротным. Гэта добры рэцэпт. Ці для жыцця таксама?” – такую цытату пакінула мастачка пад сваімі працамі.

— Гэта назіранне за штодзённым жыццём. Я хацела зрабіць некалькі шэрых карцінаў. Максімальна прыцішаныя, меланхалічныя колеры. І адну карціну, якая будзе вельмі каляровая і кантрастная да іх, каб паказаць гэтае супрацьпастаўленне. Не абавязкова я хачу сказаць, што штодзённае жыццё сумнае, нецікавае і толькі на імпрэзе я пачуваюся чалавекам, — абсалютна не. Усе гэтыя шэрыя для мяне вельмі блізкія прыемныя, цікавыя і мне вельмі прыемна было гэта маляваць.

Ліза Галаўко нарадзілася ў 1993-м годзе ў Менску. Зараз маладая беларуская мастачка заканчвае Акадэмію мастацтваў у Варшаве, дзе вывучае жывапіс.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава