Беларусы гукалі вясну ў Нью-Ёрку



Як добра, што Гуканне вясны сябрамі Беларуска-Амэрыканскага Згуртавання „Пагоня” ў Ню-Ёрку ужо зрабілася традыцыйным. Хоць сіноптыкі ў нядзелю 6 сакавіка пагражалі парывістым ветрам й нават снегападам, мы зноў сабраліся ля Гудзона.

Свежы ветрык і сонейка, якое ня столькі грэла, колькі свяціла, надавалі нам імпэту. Беларусы, якія на радзіме ніколі не прымалі ўдзелу ў гэткіх святах, раптам атрымалі мажлівасць дакрануцца да ўласнае культуры тут, у замежжы.

Строі, вяночкі на галоўках дзяўчат і саламяныя птушкі з вобразам зімы й холаду ў абліччы лялькі Марэны адразу стварылі адказны й урачысты настрой. Усе сталі ў кола вакол іх, пайшлі па руху сонца. І паляцелі загукальныя беларускія песні па наваколлю: „Вясна, хадзі ў двору, нясі ключ за сабою, зіму замыкаці, вясну адмыкаці!”, — якія суправаджаліся своеасаблівым, уласцівым толькі для вяснянак прыпевам накшталт перагуквання : „Гу-гу-гу!” Пры тым усе удзельнікі ўскідвалі рукі ў гару, пасылаючы гэты гук у касмічную прастору. Таму ж і атрымала свята сваю назву — Гуканне вясны. Карагоды, „крывыя танкі” й гульні з пацалункамі развесялілі ўсіх. А браты адзінаццацігадовы Янка, дзевяцігадовы Алесік і шасцігадовы Марцінка Рыжыя, якім на баяне акампанавалі маці Алена, станчылі ажно два беларускія жартаўлівыя танцы, чым прывялі ўсіх у захапленне. Пасля кожны, хто хацеў, напісалі на цыдулках ўсё нядобрае, што здаралася зь імі ў мінулым годзе і, каб яно больш не паўтаралася, прымацавалі іх да строю Марэны й пад песні хлапчукі Марцінка зь Янкам укінулі разам зь ёй ў раку.

Разыходзіцца не хацелася, але нас чакала рытуальная страва ў выглядзе гарохавага супу, грэчнявай кашы з гуляшом, грыбнога булёну, бліноў і пірагоў з макам і кампотам ці кавай. Падсілкаваўшыся, хлопцы пайшлі гуляць у футбол, а іншыя пачалі спяваць застольныя песні. Цяпер мы ўпэўненыя, што адыдуць халады з вятрамі і снегам да заўладарыць вясна.

Тэкст Валянціны Якімовіч, фота Віктара Дударава