Беларусы з Падляшша зноў заваёўваюць польскае тэлебачанне



У перадачы талент-шоў „Must be the music” выступілі сёстры з „Сямейнага трыо з Макаўкі”.

Дзяўчаты паходзяць з Макаўкі, што пад Нарвай, спяваюць а-капэла па-беларуску, а таксама, спрабуюць зберагчы песні на мясцовай гаворцы.

Гэта ацаніла журы, кажа лідар калектыва „Сямейнага трыо з Макаўкі” Анна Пятроўская:

– Яны сказалі, што з такой музыкай мы ніколі не будзем зоркамі, бо яна нішавая, але ацанілі тое, што мы хочам збіраць гэты фальклор ад старэйшых жыхароў, ад падляшскіх спявачак і, як бы, зберагаць гэтую музычную культуру ад забыцця. Таксама сказалі, што бачна, што мы сёстры, бо спяваем вельмі чыста, рытмічна, як адзіны арганізм.  

„Сямейнае трыо з Макаўкі” шматгадовы пераможца фестывалю „Беларуская песня”, гурт таксама выступаў на канцэртах „Пявучых сем’яў”. У „Must be the music” пачаўся паўфінал, таму дзяўчаты з Макаўкі неўзабаве зноў з’явяцца на тэлеэкране.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя