Берасцейскаму манетнаму двару – 350 гадоў



350 гадоў таму ў разбураным і зруйнававаным маскоўскім войскам Берасці пачаў працаваць манетны двор. Манетны двор у разрабаванай краіне – гэта сімвал незалежнасьці, адраджэньня, навяртаньня жыцця. І вельмі сімвалічным падаецца, што менавіта ў Берасьці  пачалі біцца літоўскія шэлягі, манеткі з выяваю Пагоні. Рашэньне пра заснаванне манетнага двара (мынцы) ў Берасці было прынятае Варшаўскім Соймам 22 сакавіка 1659 году. Аднак праз вайсковыя дзеянні, і акупацыю нашых земляў  маскоўскім войскам, мынца ў Берасці пачала сваю працу толькі 4 снежня 1665 году. Біліся на манетным двары медзяныя шэлегі, народная назва „Барацінкі”, што паходзіць ад імя асобы якой на той час было даверана рэанімацыя фінансаў Рэчы Паспалітай, італійца па паходжанні, чалавека творчага і таленавітага – Ціта Лівія Бараціні. Менавіта ягоныя ініцыялы вы пабачыце на аверсе берасцейскіх  барацінак (TLB) – дзе вакол партрэта караля напісана легенда: Ян Казімір Кароль (IOAN /CAS REX / TLB).  Барацінка, шэляг альбо солід – манета вагой каля 1,27 грама і дыяметрам каля 16 міліметраў, з выяваю караля Яна Казіміра і Пагоняю і легендаю на рэверсе: „Шэляг Вялікага Княства Літоўскага (SOLI MAG DVC LIT 1665/66)”, манаграмаю HKPL (Геранім Крышпін падскарбі Літоўскі), што месцілася пад вершнікам. Берасцейская барацінка была вельмі падобная на Віленскую і рознілася толькі  малой манаграмаю HKPL і вершнікам Пагоні са шчытом, але без „крылаў”. “Некрылатымі” былі чамусьці берасцейскія вершнікі. У той час як вершнікі на Віленскіх барацінках былі ці то з крыламі, але без шчыта, ці то з адмыслова выгнутым шчытом і крыламі. Нягледзячы на холад і голад, у 1665 годзе на берасцейскай мынцы барацінак было выбіта на 246 500 злотых (22 185 000 асобнікаў), а у 1666 годзе на Берасьцейскай мынцы было выбіта з „лішкам” 2 500 300 злотых ці  225 027 000 барацінак! Гэта, безумоўна,  вельмі шмат і знаўцы кажуць, што паасобна шэлягі ня мелі ніякай вартасці, за тавар ці то паслугу разлічваліся цэлымі мяшочкамі. Але ж, нягледзячы на гэта ў наш час трапляе шмат падробак (фальшакоў) барацінак тых часоў. Гэта значыць, што рызыкуючы пэўнай часткаю цела (законы на той час былі больш суровыя, што датычыцца фальшавання) ці то жыццём, людзі падраблялі барацінкі – значыць яны былі таго вартыя. Закончыла сваю працу берасцейская мынца 16 сьнежня 1666 году, калі яна была зачыненая каралеўскім распараджэннем. Дзе месціўся Берасцейскі двор, пакуль дакладна невядома, зразумела адно, што на тэрыторыі старога гораду, сучаснай крэпасці.

Паўлюк Гарбуз, Беларускае Радыё Рацыя