Блажэй Патрык Русін распавёў карцінамі пра імпрэзу



“Кветкі павінны пахнуць” – гэта назва выставы маладога мастака родам з Бельска Падляшскага Блажэя Патрыка Русіна. На сваіх карцінах ён адлюстраваў імпрэзу маладых украінскіх мастакоў. Працы ўзніклі на аснове здымкаў, зробленых у час гэтага мерапрыемства. Аднак на карцінах не відаць твараў мастакоў – удзельнікаў імпрэзы, – кажа аўтар.

– Мы проста паставілі паміж сабой фотаапарат і фатаграфаваліся. Калі мы пабачылі, што атрымалася, на другі-трэці дзень, мы былі ў шоку. Вельмі цікавыя моманты атрымаліся – штосьці на ўзор эмацыйных адносінаў паміж людзьмі, штосьці падобнае на рэфлексіі, моманты інтэлектуальнага і культурнага абмену. Усё гэта досыць сімвалічна.

Блажэй Патрык Русін з’яўляецца выпускніком Акадэміі мастацтваў у Познані. Яго зацікаўленні – гэта сучаснае мастацтва, аднак не абмежоўваецца ён толькі жывапісам. Паказваў свае працы ў Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Італіі і Украіне. Выстава карцінаў Блажэя Русіна працуе да канца кастрычніка.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя.