“Божа, ахіні маю Радзіму” – прэзентацыя аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна



2-га чэрвеня ў менскай “Галерэі У” адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі “Голас паэта”, дзе цягам трох гадзінаў голасам Генадзя Бураўкіна занатаваныя амаль 100 ягоных вершаў.

У яе ўвайшлі запісы вершаў розных гадоў, а таксама паэмаў “Хатынскі сцяг” ды “Узнясенне”.

IMG_0318

Незабыўны голас паэта занатавалі Алесь Калоша, Міхась Башура ды Валер Мазынскі. Яна пабачыла свет супольныі намаганнямі студыі Гукапіс, кампаніі prastora by, Саюза беларускіх пісьменнікаў ды Арт-сядзібы.

На вечарыне памяці выступілі сябры, блізкія ды аматары творчасці паэта, грамадскага, культурнага і дзяржаўнага дзеяча. Тэхналагічна яна была арганізавана выключна па-сучаснаму. На экране несупынна “працякала” фотагалерэя жыцця Генадзя Мікалаевіча. Ягоны вершаваны голас гучаў паміж выступамі сяброў, аднадумцаў ды аднадушцаў.

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў:

– Мы з ім ездзілі ад часопіса “Дзеяслоў” на сустрэчы ў школы, ВНУ. Набіваліся поўныя залі, чакалі аўтара незабыўнай “Калыханкі”, вядомай кожнаму з маленства! Мы ўспамінаем яго, як палітычнага дзеяча, дыпламата, рэдактара. Кіраўніка ТБ, якое сапраўды пры ім стала беларускім. Будзем прыгадваць як сына, мужа, бацьку, дзеда. Мудрага чалавека, да якога ў любы час можна прыйсці па параду, параіцца. Прынамсі, за месяц да ягонай смерці стала вядома, што Лукашэнка збірае пісьменнікаў на чарговую сустрэчу. Было зразумела, што будзе ізноў трохгадзінны маналог і патрабаванні неадкладна “прадаставіць” “Вайну і мір” ды “Паднятую цаліну”. Генадзь Мікалаевіч сказаў, што ТРЭБА ісці, часам рабіць не для сябе, а той жа беларускай літаратуры. Сам, маўляў, наступаў на горла ўласнай песні, калі замест напісання вершаў даводзілася займацца нейкай грамадскй справай. Калі часам невыносна, думаю, як бы паступіў Ён…

Уладзімір Някляеў, паэт:

– Ён умеў кахаць, сябраваць. Увогуле, бачыў розным – у часе вясёлага застолля ягоны гумар быў бліскучым! Але ніколі не назіраў абыякавым. Ці не адсюль ягоная маштабнасць?! Зрэшты, усё жыццё церушыў справы-глыбы. У Амерыцы калі быў, Беларусь толькі паўставала, трэба было ўсе і з усімі сувязі наладжваць. З нашай эміграцыяй тады былі не самыя лепшыя стасункі. І пэўную разгубленасць пачаў назіраць у ім толькі ў апошнія гады, калі пайшлі нейкія несастыкоўкі ў агульным разуменні маральнасці. Казаў – Валодзя, гэта ўжо не наш будзе нейкі свет! Пасля падумаў – не, не зыду! І Ён з намі!

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі:

– Мае дарагія тэлегледачы! За гады, што працаваў на Дзяржтэлерадыё Генадзь Мікалаевіч, ён зрабіў з былога “саўковага” БТ наша беларускае. Намагаўся, каб прыйшлі сапраўды творчыя людзі, перасталі прымаць на працу па тэлефонных званках. Чалавек мудры, інтэлегентны, ён умеў размаўляць з людзьмі і на яго ніхто ніколі не крыўдзіўся – нават калі даваў вымовы за парушэнне дысцыпліны. Усіх любіў і яго ўсе любілі! Я прыгадваю, як да нас у камітэт прыйшоў хлопец, якога пасля адкрыла ўся Беларусь – малады тады паэт Толя Сыс. У свой час прыйшоў на прагляд на Гомельскім ТБ на конкурс дыктараў. Асаблівых якасцей дзеля апошняга ў Анаталя (так яго клікалі сябры ) не было. Але ён нам чытаў вершы. Генадзь Мікалаевіч прамовіў, што не ведае, што ён за дыктар, але паэт незвычайны і ў будучым пра яго гадамі будуць гаварыць. Тое і назіраем. І хоць намучыўся з ім – Сыс быў хуліганісты, слоў не выбіраў, Бураўкін трымаў яго да апошняга, пакуль не сышоў сам.

“Кумпанія” людзей, што спрычыніліся да выхаду дыска – Міхась Башура, Алесь Калоша;

– Пісалі ў звычайнай менскай “хацёры”. Умовы яшчэ тыя – калі крапаў дождж, праца перапынялася, “студыя” не вытрымлівала “шуму”. Гэта была не праца, а сумоўе з вялікім Чалавекам і Філосафам. Дыск слухаю як настальгію па тым, хто перапахаў маё жыццё.

Валер Мазынскі, рэжысёр:

– Памятую дзіўны для яго выпадак. Ён жа дыпламат, далікатны, ведае як сабе паводзіць, не дапускаў экстрэмуму. І аднойчы ў гатэлі “Беларусь” апынуўся ў кумпаніі актораў, што на гастролях у Менску. І апынуўся разам нейкі Шмакаў, які цярпець не мог мовы дый усё беларускае. Нешта ён адпаведнае сказаў, а пасля працягнуў руку Генадзю Мікалаевічу. Той з размаху як пляснуў па ёй – “Федзя, я цябе ня ведаю!” “Што ты, Гена, я люблю Беларусь!” “Ты ненавідзіш, гад, і ўсё жыццё яе ненавідзеў!” Упершыню ўбачыў Асобу, для якой Беларусь зусім не пустое месца! І цяпер, калі дыскутуюць – “ці я ў Беларусі” ці “Беларусь ува мне” – яскрава бачна, што “Беларусь назаўжды ў ім!”

Аляксей Бураўкін, сын:

– Ад імя сям’і нізка схінаюся перад стваральнікамі “Голаса Паэта” . Спачатку думалася – што за такі праект, хіба недастаткова тэксту? Але голас – такое ж увасабленне духу чалавека, адзнака, як і твар, постаць. Голас многае кажа пра чалавека, калі слухаеш, з якой інтанацыяй чытае даўнія вершы, з якой апошнія. Голас Бацькі заставаўся адкрытым, шчырым, з часам з’яўлялася больш мудрасці…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара