Будслаўскі фэст



На фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай з’ехаліся тысячы пілігрымаў. Вернікі дабіраліся да санктуарыя рознымі спосабамі – у пешых пілігрымках, на роварах ды аўтобусах. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае, што сёлета Будслаўскі фэст наведала надзвычай шмат людзей:

– Сапраўды, у гэтым годзе людзей больш, чым было ў юбілейны. З’явілася таксама пілігрымка з Берасця, а гэта больш за 500 км, а людзі ішлі. Гэта такі паказнік адносін людзей да рэлігіі, да касцёла, да Божай Маці. На набажэнствах многа людзей. Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто ішоў, бо гэта насамрэч ахвяра. Удзячны тым, хто вёў гэтыя пілігрымкі, хто спавядаў, фармаваў, такім чынам, народ. Удзячны вельмі і тым, хто прымаў гэтых людзей, бо трэба было пакласці недзе спаць гэтых людзей, кубак вады даць, пакарміць. Так, усе сталі адной сям’ёй.

Таксама сёлетні фэст у Будславе адзначыўся вялікай колькасцю вышыванак: значная частка пілігрымаў, святароў ды манахаў былі апранутыя ў так званыя “вышымайкі” або ў вышытыя кашулі. Многія начапілі стужкі з нацыянальнымі ўзорамі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара