Быстрыца адзначыла сваё 625-годдзе



Вёска Быстрыца, што знаходзіцца на рацэ Вілія, лічыцца адной з найстарэйшых у Беларусі. Яе называюць гістарычным сэрцам Астравеччыны, лёс вёскі цесна звязаны з Ягайлам ды Вітаўтам. З 1407 г. Быстрыца належала Вітаўту і была цэнтрам Быстрыцкай воласьці, а ў 1-ай палове XVI стагоддзя паселішча было рэзыдэнцыя Віленскага ваяводы. Быстрыца – адзіны населены пункт Астравеччыны, які быў пазначаны на мапе, выдадзенай ў 1613 г. у Амстэрдаме.

2015-06-28_Zavalnia_Bystryca_625_hadou_fota (2)

У 1390 годзе кароль Ягайла заснаваў тут касцёл ды кляштар, таму сёлета ў вёсцы адзначылі вялікую дату – 625 гадоў прысутнасці каталіцтва, а заадно і першай пісьмовай узгадкі паселішча.

Урачыстую Святую Імшу адслужыў біскуп Казімір Велікаселец. На запрашэнне ксяндза-пробашча Казіміра Ляховіча на фэст прыехалі іншыя рыма-каталіцкія ды ўніяцкія святары. У часе службы  біскуп удзяліў мясцовым парафіянам Сакраманту Канфірмацыі.

2015-06-28_Zavalnia_Bystryca_625_hadou_fota (5)

Пасля Святой Імшы адбыўся канцэрт з удзелам менскіх хароў “Голас Душы”, “Чырвоныя Макі”. Адмыслова на фэст таксама прыехаў творчы калектыў з БДУ “Тутэйшая шляхта”.

Для жыхароў Быстрыцы застацца каталікамі не было так проста – пасля Паўстання Каліноўскага мясцовы касцёл перарабілі на царкву. Каталікам касцёл вярнулі толькі ў 1926 годзе, а ўжо савецкая ўлада спрабавала забраць храм пад нерэлігійныя патрэбы. Аднак мясцовыя вернікі не аддалі касцёла – усе гады савецкай улады храм дзейнічаў пры адсутнасці святароў.

2015-06-28_Zavalnia_Bystryca_625_hadou_fota (23)

З супрацьлеглага боку вёскі знаходзіцца крынічка, асвечаная ў 1921 г. ў гонар прыняцця Канстытуцыі 3 Траўня 1791 г. Згодна з мясцовым паданнем, вада з гэтай крынічкі спрычынілася да вяртання зроку аднаму жаўнеру, што праходзіў праз Быстрыцу. У нядаўнім часе побач з крынічкай збудавалі капліцу Святога Яна Хрысціцеля, якога вельмі шануюць мясцовыя парафіяне. Дзень народзінаў святога Яна (24 чэрвеня) святкуюць нароўні з парафіяльным святам  – Узвышэннем Святога Крыжа (14 верасня). А ў бочным алтары Быстрыцкага касцёла змешчаны абраз Хросту Езуса ў Ярдане.

Паводле Алены Гануліч, газета “Астравецкая Праўда”

Фота Адама Завальні