Чаму прафесійныя музыкі пакідаюць Беларусь?



Беларускія прафесійныя музыкі масава з’язджаюць за мяжу. Толькі з тых аркестрантаў, якія з’ехалі з Беларусі за апошнія 20 гадоў, напэўна, можна было б скласці не адзін сімфанічны аркестр. Нашыя землякі працуюць цяпер па ўсім свеце: у Калумбіі і ў ЗША, у Мазамбіку і ў Аўстраліі, у Тайландзе і ў Ісландыі…

Чаму такое адбываецца? Ці каціруюцца нашыя музыкі за мяжой? Перад кім яны выступаюць? Што менавіта замаўляў амерыканскі прэзыдэнт Барак Абама беларускім выканаўцам?

З Аляксеем Сідаравым, піяністам з Менска, які цяпер працуе у адной з самых дарагіх гатэляў свету “Ветразь”, альбо “Бурдж-аль-Араб”,  што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, пагутарыў наш карэспандэнт Марцін Война.

1

Аляксей Сідараў: Сам я з Менска, дзе нарадзіўся ў 1966 годзе. Даволі выпадкова патрапіў у Спецыяльную Музычныю Школу пры Беларускай Дзяржаўнай Кансерваторыі. Патрапіць туды было вялікім шчасцем, бо там выкладалі элітныя выкладчыкі. Ва ўсіх менскіх школах адукацыя была 10 класаў, а ў нашай – 11, менавіта таму яна і называлася “адзінаццацігодкай”. Пасля таго, як малады музыка выпускаўся з гэтай школы, ён амаль аўтаматычна паступаў у Беларускую Дзяржаўную Кансерваторыю. Праз два месяцы пайшоў у Савецкае Войска на два гады… Прыйшоў з войска, скончыў кансерваторыю…

РР: То бок, калі падсумаваць, колькі гадоў займае адукацыя прафесійнага музыкі: ты 11 гадоў вучыўся ў Сярэдняй Спецыяльнай Музычнай школе, потым яшчэ 5 гадоў – у кансерваторыі… А потым, як не памыляюся, ты выкладаў у самой кансерваторыі, якая цяпер называецца Беларуская Акадэмія Музыкі?

Аляксей Сідараў: Пяць з паловай гадоў прапрацаваў на кафедры канцартмайстарскага майстэрства…

РР: А як ты патрапіў у Арабскія Эміраты?

Аляксей Сідараў: Дзякуючы прапанове выпускніка нашай кансерваторыі, у якога міжнародная канцэртная агенцыя. Агенцыя запрашае працаваць у Дубаі выканаўцаў самых розных жанраў, ад класічных да джазавых. Прытым з самых розных краінаў. Мне затэлефанаваў агент і спытаўся – маўляў, ці не хочаш ты працаваць піяністам у квартэце, а таксама кактэйль-піяністам у гатэлі?

РР: А хто такі “кактэйль-піяніст”?

Аляксей Сідараў: Музыка, які ў рэстарацыі і забаўляе публіку. Публіка просіць сыграць тыя ці іншыя творы, і кактэйль-піяніст забавязаны граць усё, што папросяць: так прапісана ў кантракце. Гэта можа быць і класічны твор, гэта можа быць і папулярная песня, гэта можа быць і джазавы стандарт. Якая заўгодна музыка. Гэтым я і займаюся ў Дубаі ўжо другі год.

РР: Ты граеш у гатэлі “Бурдж-аль-Араб”, які больш вядомы, як “Ветразь”. Раскажы пра гэтую канцэртную пляцоўку.

Аляксей Сідараў: Гэта супер-гатэль нават па мерках Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Практычна 7 “зорак”. Супер-сэрвіс ва ўсім – ад якасці ежы і да абслугоўвання. Звычайна там спыняюцца спартыўныя зоркі, вядомыя палітыкі… Стаіць ён на беразе Персідскай затокі. Гэта вельмі прэстыжнае месца працы, прытым не толькі працы: людзі прыходзяць сюды проста, каб паглядзець, а што ж гэта такое…

2015-10-10_achromienka_pianist_emiraty-3

РР: Арабская казка з “1001 ночы”?

Аляксей Сідараў: Спыняюцца там вельмі вядомыя людзі: спартыўныя зоркі першай велічыні, зоркі кінематографа, палітычныя лідары…

РР: Я ведаю, што ты граў для амерыканскага прэзыдэнта Барака Абамы. Раскажы падрабязней!

Аляксей Сідараў: Барак Абама быў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з неафіцыйным візітам. Візіт быў звязаны з сусветнымі коштамі на нафту. Спыніўся ў нашым гатэлі. Мы нават адразу не зразумелі, у чым справа: былі перакрыты ўсе ўваходы. Ніхто пра візіт Прэзыдэнта ЗША не паведамляў. Нашае трыа працавала, як і заўсёды. Абама падыйшоў да нас, паслухаў. Дарэчы, зрабіў замову: папрасіў сыграць “Hello, Dolly!”, сусветна вядомы джазавы стандарт…

РР: Яшчэ Луі Армстронг выконваў…

Аляксей Сідараў: Так. Абаму ўсё вельмі спадабалася, падзякваў нам, усім музыкам паціснуў рукі… Гэта было вельмі незвычайна, цікава. Такая запамінальная падзея ў маім жыцці… Выглядаў Абама як самы звычайны чалавек. Ніякіх “пантоў”, ніякіх выбрыкаў, ніякага снабізму… Вядома ж, ахова напружылася, калі Абама да нас пайшоў. Усё было, як у звычайным жыцці, а не як у кіно. Звычайны чалавек падыйшоў, зрабіў камплімент, паціснуў рукі і пайшоў далей.

РР: А чым увогуле адрозніваецца аўдыторыя ў “Бурдж-аль-Арабе” ад той аўдыторыі, перад каторай ты выступаў у Беларусі?

Аляксей Сідараў: Просьбы могуць быць самымі нечаканымі. Напрыклад: “А ці можаце вы выканаць музыку японскага кампазітара Масата Накамуры?” Для мяне такое пытанне было шокам. Мы не так добра ведаем музычную культуру сучаснай Японіі, каб адразу граць падобныя замовы! Але што мне падабаецца: калі людзі просяць нешта выканаць, яны адразу сядаюць, слухаюць, падыходзяць, дзякуюць. І ты адчуваеш, што твой занятак цікавы, ён прымаецца з вялікай падзякай. Я не хачу сказаць, што ў Беларусі класічная музыка нікому не цікавая, не хачу кепска гаварыць пра краіну, у якой я нарадзіўся… Але ж у апошнія гады не так багата людзей ходзяць на канцэрты, каб паслухаць музычную класіку. Можа, з тае прычыны, што людзям бракуе грошы на іншае, можа, з тае прычыны, што класічная музыка не надта цікавая ў нашай краіне. А тут, у Эміратах, я адчуваю, што я, як музыка, запатрабаваны. Прыемна займацца ўлюбёнай справай і за добрыя грошы. Для параўнання: калі я выкладаў у Беларускай Акадэміі Музыкі, то атрымліваў за працу шэсць дзён на тыдзень 230 даляраў.

РР: Калі ўзяць выпускі Беларускай Акадэміі Музыкі, то атрымліваецца, што ці не большасць тых музыкаў, асабліва з аркестровага факультэту, за мяжой. Чаму нашыя музыкі ўцякаюць за мяжу?

Аляксей Сідараў: Прычына – жабрацкія зарплаты, якіх не хапае нават на камунальныя паслугі і каб паесці…

2

РР: Калі ўзяць усіх выдатных музыкаў, якія з’ехалі з Беларусі за апошнія дваццаць гадоў, можна было б скласці як мінімум 4-5 сімфанічных аркестраў. Пры якіх умовах гэтыя людзі маглі б вярнуцца ў Беларусь?

Аляксей Сідараў: Толькі ў тым разе, калі ў нас зменіцца стаўленне да людзей творчых прафесій.

Нізкія зарплаты – далёка не адзіная прычына міграцыі беларускіх музыкаў за мяжу. Сярод іншых прычынаў – адсутнасць перспектыў, адміністрыраванне культуры і дыктат ідэолагаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота – з архіва Аляксея Сідарава