„Чарвяка” прэзентавалі ў Слоніме



Лідар незарэгістраванага апазіцыйнага беларускага руху “Малады Фронт” Зміцер Дашкевіч наведаў Слонім. У офісе мясцовай суполкі БХД ён прэзентаваў сваю кнігу “Чарвяк”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Зміцера Дашкевіча арыштавалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асудзілі на два гады спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасля — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». 28 жніўня 2013 года Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасля амаль трохгадовага зняволення.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У свой зборнік малады лідар уключыў апавяданні, напісаныя ў зняволенні, а таксама публіцыстычныя артыкулы.

Па словах Зміцера Дашкевіча, да напісання кнігі яго падштурхнула перш за ўсё перажыванне за людзей, якіх ён там сустракаў. „Таму ўсе гісторыі, пра якія вядзецца гаворка, рэальныя. Гэта значыць на 95% — гэта апісанне падзей, якія мелі месца, і 5% — на тое, каб усё гэта скампанаваць. Мастацкай выдумкі там не больш за пару адсоткаў”, — сказаў былы палітвязень .

Ён адзначыў, што пры напісанні кнігі для яго было важна не толькі перадаць убачанае, але і максімальна выкарыстоўваць час у зняволенні. „Хацелася, каб час не быў змарнаваны ў турме, не былі выкінутыя гады, каб нейкі досвед быў перададзены”, — сказаў палітык.

Зміцер Дашкевіч адказаў на пытанні слонімцаў, а таксама сфатаграфаваўся на памяць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара