“Cinema Perpetuum Mobile” ў Гародні



У Гародні распачаліся паказы міжнароднага фестывалю кароткаметражных фільмаў “Cinema Perpetuum Mobile”. На працягу пяці дзён некамерцыйнае культурнае мерапрыемства, якое мае на мэце прасоўванне беларускага маладога кінематографа, пройдзе не толькі у Менску, але і ў іншых абласных цэнтрах. Пра фэст распавядае адзін з яго арганізатараў у Гародні, адна з уладальніц гарадзенскай антыкавярні “Жывы час” Марыя.

–  Фестываль праводзіцца ўжо некалькі гадоў. У Гародні праходзіць другі год. Звычайна цягам года здымаюцца фільмы, пасля высылаюцца ў Менск, дзе працуе камісія энтузіястаў. Яны адбіраюць лепшыя фільмы, а ў канцы красавіка адбываюцца паказы. Гэта кароткаметражныя фільмы на розную тэматыку. Ёсць гульнявое кіно, якое ў нас часта называюць мастацкім. Ёсць дакументальнае, раздзел эксперыментальнага кіно, анімацыя. Такім чынам, самыя розныя тэмы.

Паказы ў Гародні адбудуцца ў два этапа: спярша было паказана гульнявое кіно і беларускія фільмы, а 23 і 24 красавіка гарадзенцы ў антыкавярні “Жывы час” змогуць убачыць анімацыю і дакументальнае кіно.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня