Cяргей Міхалок заявіў пра стварэнне праекту „Ляпіс-98″



Сяргей Міхалок вяртаецца да свайго старога рэпертуару, ад якога быў адрокся.

Упершыню публічна пра стварэнне сайд-праекту, у межах якога будуць выконвацца старыя хіты «Ляпісаў», якія не граліся ані ў межах Brutto, ані самімі «Ляпісамі» позняга перыяду, Сяргей Міхалок заявіў 1 красавіка.

«Мяне ўжо 10 год угаворвалі прыхільнікі ранняга клоўнскага вобразу выканаць што-небудзь з класікі і толькі цяпер, дзякуючы маленькаму сыну, я магу гэта зрабіць без прымусу, нязмушана ды з аганьком», – зазначыў музыка ў паведамленьні на афіцыйным акаўнце Brutto. Тады прадусар гурта Антон Азізбекян не пацвердзіў праўдзівасьць гэтай заявы, а неўзабаве яна была выдаленая. Але ўвечары 14 красавіка тамсама з’явілася новае паведамленне, у якім вядзецца, што напраўду Міхалок вяртаецца з старым рэпертуарам.

«Чокнуты клоўн Міхалок з кампаніяй бывалых для аматараў прыўкраснага! Навошта слухаць кавэр, калі ёсць арыгінал? Ляпіс-98 – гарантыя і прафэсыяналізм», – гаворыцца ў заяве.

Пакуль невядома, хто будзе граць разам з Міхалком у гэтым праекце. У той жа час Сяргей падкрэсліў у сваім паведамленні ў афіцыйным чаце гурта на Viber, што Brutto застаецца і заўважыў: «Я магу быць сур’ёзным, дарослым, разважлівым, але цыркач і вулічны гаер жывуць унутры мяне».

Tuzin.fm