Да 600-х угодкаў Дзярэчына адкрылі мемарыяльны знак



Жыхары вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна сёлета ў жніўні-верасні адзначылі 600-годдзе роднай вёскі. Спачатку ў жніўні адбылася навуковая канферэнцыя з удзелам настаўнікаў, бібліятэкараў, навукоўцаў. А ў верасні ў цэнтры вёскі адбылося вялікае свята, куды з’ехаліся госці з усяго райцэнтра.

Але найважнейшай падзеяй для Дзярэчына стала адкрыццё ў цэнтры вёскі каля царквы Святога Спаса мемарыяльнага знаку з тэкстам: “1416  600-годдзю першага дакладнага згадвання Дзярэчына ў Літоўскай метрыцы прысвячаецца…”.

Нагадаем, упершыню Дзярэчын упамінаецца ў XV стагоддзі, як сяло, уладанне баярына Дрэмута. У 1416 годзе вялікі князь Вітаўт «за верную службу» перадаў яго роду Копачаў. У 1501 годзе пасля смерці Яцка Копача маёнтак Дзярэчын адыйшоў да ягонай сястры Ганны Сангушкі. У гэты час тут дзейнічала царква Святога Спаса. У 1505—1510 гадах часткай маёнтку валодалі пісар каралеўскі Аляксандар Нікольскі і Сямён Палазовіч, а з 1510 года гэта была агульная ўласнасць князёў Сангушкаў, Адзінцэвічаў і Палубінскіх.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара