Дачка Лявона Вольскага пачала музычную кар’еру



18-гадовая спявачка прэзентуе на Tuzin.fm альбом „Усё атрымаецца”, у які ўвайшлі тры кампазіцыі яе аўтарства.

Адэля кажа, што яна ўжо даўно піша песні, некаторым яе творам чатыры і болей гадоў. Але толькі цяпер яна вырашыла абвесціць публічна пра сваю творчасць. „Пісала песні я для сябе і не збіралася выкладаць іх у інтэрнэт. Але нядаўна вырашыла, што павінна падзяліцца сваім светапоглядам з людзмі. Таму паступова запісваюся”, – распавяла спявачка Tuzin.fm з нагоды прэм’еры. Матэрыялу набіраецца на паўнавартасны альбом, які Адэля мяркуе неўзабаве выдаць. А пакуль яна прэзентуе першыя тры запісаныя творы – „Усё атрымаецца”, „Адэлька-сардэлька” і „Цудоўны сьвет”. Музыка і словы належаць аўтарству Адэлі.

Я натхняюся звычайнымі паўсядзённымі сітуацыямі, – распавядае спявачка. – Напрыклад, „Усё атрымаецца” была напісана падчас майго прабуджэння ў сонечны дзень – я адчула неапісальную радасць і зразумела, што як бы не было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча. Таксама на гэтую песню паўплывла мая любоў да людзей. Людзі мяне вельмі натхняюць: іх позіркі, жэсты, манера размовы і энергетыка”.

Песня „Адэлька-сардэлька” – адна з даўнейшых. Яна з’явілася ў 2012 годзе. „Стварыла я яе, калі ўва мне прачнуласа вострае жаданне – быць заўсёды маленькай дзяўчынкай. А вырашыла назваць яе так, таму што такой мянушкай называў мяне тата ў дзяцінстве, і я заўсёды злавалася, калі ён мяне так называў, бо лічыла, што ён мяне абражае. Але зараз гэтая мянушка для мяне, як цёплы ўспамін з дзіцячых часоў майго жыцця”.

Трэцюю кампазіцыю – „Цудоўны свет” Адэля напісала пасля шпацыру па горадзе: „Вельмі люблю гуляць на самоце і насычацца звычайнымі прыроднымі з’явамі: сонейкам, ветрам, дажджом і г.д. Падчас такіх шпацыраў я адчуваю сябе вельмі шчаслівай, бо разумею, што наш свет цудоўны”.

Пакуль музычны праект Адэлі Вольскай існуе ў студыйным фармаце. Жывыя выступы не плануюцца.