Дар’я Ліс – адна з лаўрэатак стыпендыі імя Магдалены Радзівіл!



“Саюз беларускіх пісьменнікаў” абвесціў пра заснаванне стыпендыі імя Магдалены Радзівіл для пісьменніц і перакладчыц і назваў першыя імёны стыпендыятак.

Стыпендыя прызначаная на творчую працу і будзе прызначацца раз у год. Узрост аўтарак, намінаваных на яе, не абмяжоўваецца.

Спіс кандыдатак і імёны пераможцаў абіраюцца Радай стыпендыі, у склад якой уваходзяць: Святлана Алексіевіч (старшыня Рады), Уладзімір Арлоў, Алена Макоўская, Барыс Пятровіч (Сачанка), Юлія Чарняўская.

Сёлетнімі стыпендыяткамі сталі: Таццяна Барысік (Магілёў), Алена Брава (Барысаў), Дар’я Ліс (Смаргонь).

“Гэтая прэмія была для мяне нечаканай”, – адзначыла Дар’я Ліс:

– Прэмія першая. Думаю, з часам з’явяцца нейкія традыцыі і тлумачэнні. Па шчырасці, гэта, канешне, не дыскрымінуе літаратараў-мужчын. Спадзяюся, яны моцна не пакрыўдзяцца. Магчыма, гэта такі своеасаблівы гістарычны бонус ад княгіні Магдалены Радзівіл жанчынам як бонус за былыя гістарычныя абмежаванні, калі жанчынам не дазвалялі быць пісьменніцамі, дактарамі, настаўніцамі і г.д.

Уручэнне прэмій мае адбыцца 27 сакавіка ў Менску. Як адзначыў у размове з агенцтвам Белапан кіраўнік СБП Барыс Пятровіч, прэмія павінна падтрымаць жанчын, якія нярэдка пасля дэбюту ў літаратуры адмаўляюцца ад творчасці праз неабходнасць займацца сямейнымі справамі і фінансавым забеспячэннем сем’яў.

Беларускае Радыё Рацыя шчыра віншуе ўсіх пераможцаў!

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя