Давыдзька марыць аб беларускамоўным тэлебачанні



Замежнае кіно на «Беларусь 3» будуць трансляваць на беларускай мове. Пра гэта паведаміў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька падчас онлайн-канферэнцыі на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».

«Мы будзем павялічваць беларускае вяшчанне. У першую чаргу на тэлеканале «Беларусь 3». Я ўвогуле мару, каб ён стаў цалкам беларускамоўным. Але гэта складана. Напрыклад, няма сэнсу перакладаць на беларускую мову расейскія фільмы. Іншыя замежныя фільмы мы будзем перакладаць», – сказаў Генадзь Давыдзька.

Паводле яго слоў, таксама на беларускай мове стануць часцей размаўляць на тэлеканале «Беларусь 1». «Вядома, хацелася б павялічваць прысутнасць беларускай мовы на тэлебачанні. Але спачатку павінны часцей выкарыстоўваць беларускую мову ў нашым грамадстве, а потым мы пойдзем за ім», – дадаў Генадзь Давыдзька.