Дэкада беларускай мовы з Бартосікам і Чыгрыном



У навучальных установах Слонімшчыны працягваецца дэкада беларускай мовы і літаратуры, якая пачалася з Дня роднай мовы. У гасцях у вучняў і настаўнікаў Жыровіцкай сярэдняй школы і Слонімскай гімназіі № 1 пабывалі беларускі бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік і даследчык беларускай культуры і літаратуры Сяргей Чыгрын.

Зміцер Бартосік пазнаёміў вучняў і настаўнікам з гісторыяй бардаўскай песні. Ён выканаў некалькі песень расейскіх бардаў у перакладзе Рыгора Барадуліна, а таксама распавёў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні, дапоўніўшы сваё выступленне патрыятычнымі і жартоўнымі беларускімі песнямі.

Сяргей Чыгрын распавёў пра лёс беларускіх скарбаў, якія за апошнія некалькі стагоддзяў былі ўкрадзены з беларускай зямлі, у прыватнасці, крыж Еўфрасінні Полацкай, залатыя апосталы князёў Радзівілаў, шахматная дошка Льва Сапегі са Слоніма і сотні іншых. Даследчык нашай гісторыі адказаў на пытанні настаўнікаў і вучняў, асабліва шмат з іх было, звязаных з архівамі і дакументамі Жыровіцкага манастыра.

На памяць аб сустрэчы госці падаравалі школьным бібліятэкам кнігі беларускіх аўтараў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.