Дэсант гарадзенскіх пісьменнікаў прызямліўся ў Зэльве



У чацвер, 4 траўня, гарадзенскія пісьменнікі Данута Бічэль, Юрка Голуб, Зьніч, Анатоль Брусевіч, Павел Каспяровіч, Сяргей Чыгрын, Аліна Паўлоўская і Валянцін Дубатоўка наведалі Зэльву. У межах Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест” яны выступілі ў будынку нядзельнай школы зэльвенскага храма Святой Жываначальнай Троіцы перад зэльвенцамі.

Сустрэчу ўрачыста распачаў настаяцель храма Святой Троіцы Георгій Субаткоўскі, які шчыра ўсіх павітаў і сказаў, што побач з храмам нядаўна яшчэ жыла вялікая паэтка Ларыса Геніюш, і сёння яна вельмі была б задаволена і ўзрушана такім шаноўным візітам гарадзенскіх літаратараў.

Духоўныя вершы шчыра гучалі з вуснаў паэта і праваслаўнага святара Паўла Каспяровіча і манаха Іаана (паэта Зьніча). Данута Бічэль прыгадала Ларысу Геніюш і прачытала ёй прысвечаныя паэтычныя радкі. Юрка Голуб парадаваў сваіх землякоў вершамі пра родную Зэльвеншчыну. Не давалі сумаваць зэльвенцам і іншыя паэты і даследчыкі роднага слова.

Падчас сустрэчы госці наведалі таксама зэльвенскі храм Святой Троіцы і музей Ларысы Геніюш, які існуе ў гэтым храме.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара.