Дзясяты выпуск альманаха “Беларус”



У Нью-Ёрку ў выдавецтве “Беларус” выйшаў з друку дзясяты выпуск штогадовага літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус”. Заснавальнікам і выдаўцом “Беларуса” з’яўляецца апантаны родным словам чалавек Марат Клакоцкі. Гэта дзякуючы яму і тым, хто ахвяруе на выданне сродкі, альманах “Беларус” выдаецца ўжо дзесяць гадоў запар.

bielarus_30

Прадмову да юбілейнага выдання “Беларуса” напісала выдатная жанчына, архівіст, літаратуразнаўца і культуролаг Ганна Запартыка, якая адзначыла, што “альманах – ёсць кніга, якая аб’ядноўвае грамадзян розных краін і розных пакаленняў, што засяваюць шчодрую ніву беларускай літаратуры”.

“Беларус” 2016 года багаты на аўтараў, якія жывуць у розных краінах свету і пішуць творы па-беларуску. Аляксей Арцёмаў (Расія) знаёміць чытачоў альманаху з перакладамі Эрнэста Гэмінгўэйя, Ірына Варабей (Канада)—з перакладамі Вэронікі Мартэновай-Чарльз, Якуб Лапатка – з перакладамі Катры Вала, Алег Мінкін – з перакладамі Дантэ, Віталь Воранаў (Польшча)—з недрукаванымі часткамі са сваёй кнігі “Шэптам”, Віталь Зайка (ЗША) – з новымі апавяданнямі, Зянон Пазьняк (Варшава –Нью-Ёрк) – з выбранымі вершамі 2014-2016 гадоў:

Яны ўсе адважныя,

Пакуль мы

Іх баімся…

Вершы ў альманаху публікуюць таксама Святлана Кабанава (Германія), Марына Кражанова (ЗША), Пётра П.Мурзёнак (Канада), Юрась Шамецька (Канада), Макс Шчур (Чэхія), Эсьпіноса Руіз Анхела (Іспанія) і іншыя аўтары. Чытачы з цікавасцю прачытаюць гістарычную паэму “Рагнеда” Іны Снарскай (Украіна), успаміны Цімоха Ліякумовіча (ЗША), апавяданні Юрася Міхеда (ЗША), развагі, успаміны, казкі, занатоўкі Сяржука Сокалава-Воюша (ЗША), Алеся Тарановіча (Германія), Дзьмітры Шатыловіча (Польшча), Валянціны Якімовіч (ЗША) і г.д.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя