Дзятлаўчане дабіліся ад уладаў ушанавання свайго земляка



У Дзятлаве адбыліся грамадскія слуханні, звязаныя з калектыўным зваротам жыхароў Дзятлава (сабрана было 160 подпісаў) у мясцовы райвыканкам, райсавет і камунгас наконт ушанавання памяці жыхара Дзятлава Пятра Гроса – будаўніка па прафесіі, якога летась раптоўна не стала ва ўзросце 59 гадоў.

На грамадскія слуханні прыйшло больш за 50 чалавек, а таксама старшыня Дзятлаўскага райсавета Аляксандр Бараноўскі і намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі.

Падчас слуханняў выступілі сябры ініцыятыўнай групы Валерый Петрыкевіч, Мечыслаў Якубчык і Мікалай Сончык, а таксама жыхары вуліцы Будаўнікоў спадары Зуй і Гармашук. Сябры ініцыятыўнай групы прапанавалі вуліцу Будаўнікоў, дзе жыў Пятро Грос, перайменаваць у яго імя. Іншыя прапанавалі назваць новую вуліцу ў Дзятлаве імем свайго земляка.

Пасяджэнне грамадскіх слуханняў адбывалася некалькі гадзін. І ўсе прыйшлі да высновы, што  бліжэйшым часам новая вуліца ў Дзятлаве будзе насіць імя Пятра Гроса, а на будынку адміністрацыі МПМК-147, якое ён узначальваў, будзе ўстаноўлена мемарыяльная шыльда ў яго гонар.

Нагадаем, што Пётр Грос нарадзіўся і вырас у Дзятлаве, тут скончыў школу і стварыў сям’ю. Сюды, пасля набыцця прафесіі будаўніка, ён прыехаў працаваць у мясцовую МПМК-147. Майстар, прараб, галоўны інжынер, кіраўнік арганізацыі – такі яго быў хуткі кар’ерны ўзлёт. Гэтаму  спрыяла яго адданасць працы, дасведчанасць, справядлівасць. “Пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса і пад яго кіраўніцтвам у Дзятлаве былі пабудаваны знакавыя будынкі: раённая бальніца, паліклініка, школа № 3, будынкі МПМК, новы мікрараён. Гэта пры непасрэдным удзеле Пятра Гроса Дзятлава ператварылася з мястэчка ў прыгожы горад. Пятро Грос быў шчырым беларусам, заўсёды падтрымліваў добрыя справы землякоў, дапамагаў словам і справай, марыў, каб на Дзятлаўшчыне былі ўшанаваны ўсе знакамітыя дзятлаўчане”, – расказаў нашаму карэспандэнту грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава