Энцыклапедыя пра Францыска Скарыну выйдзе сёлета ў Беларусі



Выдавецтва „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў гэтым годзе выпусціць адмысловую энцыклапедыю пра жыццё, дзейнасць і творчасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 сакавіка ў Менску намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч.

Паводле яго слоў, Францыск Скарына з’яўляецца „тым персанажам беларускай гісторыі, які дапамагае кантактаваць з усім светам, і ў першую чаргу са славянскімі краінамі”.

Падобная да гэтай энцыклапедыя пра жыццё і творчасць беларускага першадрукара, адзначыў чыноўнік, выдавалася на рускай і беларускай мовах у пачатку 1990-х гадоў. Кніга „атрымала шырокі рэзананс” і цяпер яе можна знайсці „толькі ў букіністычных крамах”.

„Цяпер будзе новае выданне, перапрацаванае пры ўдзеле вопытных сучасных скарыназнаўцаў. Мне здаецца, гэтая кніга таксама будзе карыстацца попытам і знойдзе свайго чытача не толькі сярод спецыялістаў”, — сказаў намеснік міністра інфармацыі.

Карлюкевіч падкрэсліў, што Мінінфарм і дзяржаўныя выдавецтвы рэалізавалі ўжо шмат праектаў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца ў гэтым годзе, і прысвечаных жыццю і дзейнасці Скарыны.

У прыватнасці чыноўнік расказаў аб выдадзеным у „Мастацкай літаратуры” зборніку артыкулаў і нарысаў „Францыск Скарына: Са слаўнага горада Полацка”, укладальнікам якога з’яўляецца намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша — культуролаг, даследчык, скарыназнаўца, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Паводле слоў чыноўніка, кніга напісана „лёгка, проста і ясна” і можа стаць „свайго роду дапаможнікам для тых, хто піша пра Скарыну”.

belapan.by