Этнаканцэрт у гарадзенскай галерэі „У майстра”



У гарадзенскай галерэі “У майстра” адбыўся канцэрт этнічнай музыкі. Сваю творчасць гледачам запрэзентавалі  гурт “AVI Trio”, а таксама спявачка Таццяна Салаўёва, якую вабяць эксперыменты з сумяшчэннем музычных стыляў.

etno8

Для Гародні такія канцэрты – даволі рэдкая з’ява, што тлумачыцца невялікай колькасцю гуртоў і выканаўцаў, якія граюць этна і фолк музыку. Таццяна Салаўёва, як і  лідар гурта “AVI Trio” Алеся Медвядзюк, выказваюць меркаванне, што этніка ў сваім сённяшнім гучанні – перспектыўны стыль, які мае добры патэнцыял у будучым:

– Зацікавілася апрацоўкамі беларускіх народных песень. Спачатку, як пачула этна-гурт “Троіца”, заспяваць “Вуціцу” – гэта была першая беларуская народная песня, якую я выканала. Пасля была апрацоўка “Рэчанькі”. А пасля пайшло-паехала.

– Выступаем не часта, таму што ў нас яшчэ невялікі рэпертуар і не так шмат пляцовак, дзе можна выступіць з этнікай. Таму пакуль выступаем тут, у Гародні, на зборных канцэртах. За мяжу пакуль не выязджалі.

Павал Салаўёў, менеджар: Нашы музыкі працуюць – хто інжынер, хто выкладчык. Цяжка прасоўваць музыку, калі ты выступаеш не кожны дзень, калі цябе людзе нячаста бачаць у медыях, на тэлебачанні.

Хрысціна: Я ўпершыню сёння пачула “AVI Trio”. Я люблю, калі этна апрацоўваецца ў музыцы, у вопратцы, у дызайне і ў іншых відах мастацтва.

Спадзяванні на адраджэнне этнічнай музыкі  ў Гародні падмацаваныя правядзеннем фестывалю сярэднявечнай і этнічнай музыкі, дэбют якога адбыўся ў верасні мінулага года. Плануецца, што фэст стане штогадовым.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня